Беларусы везлі кантрабанду ў скрынях перадач
Грамадзяне Беларусі везлі кантрабанду, але трапілі ў поле зроку супрацоўнікаў польскай мытні. У пункце пропуску „Пясчатка – Полаўцы” выявілі нелегальныя цыгарэты, схаваныя ў скрыні перадач двух аўтамабіляў на беларускіх нумарах. У кантрабандзе абвінавачваюцца тры браты.
Кажа супрацоўнік прэс-службы Адміністрацыйна-падатковай управы Мацей Чарнэцкі:
– Супрацоўнікі мытнай службы з Полаўцаў правялі агляд „Аўдзі” і „Фольксвагена”, на якіх перасоўваліся трое мужчын – брацьеў ва ўзросце ад 19 да 29 гадоў. Аўтамабілі былі прасветленыя, а пазней агляд правёў адмыслова навучаны пошуку тытунёвых вырабаў лабрадор Снупі. Ён пазначыў скрыні перадач, унутры якіх супрацоўнікі знайшлі каля 700 пачакаў беларускіх цыгарэтаў. Мужчыны страцілі нелегальны тавар і прыстасаваныя да перавозкі сродкі транспарту.
Акрамя гэтага, двое грамадзян Беларусі, якія знаходзіліся за стырном аўтамабіляў, атрымалі забарону на ўезд на тэрыторыю Польшчы ды іншых краін зоны Шэнген на адзін і два гады адпаведна. Такое рашэнне прыняў камендант аддзелу памежнай службы ў Чаромсе.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота podlaskie.kas.gov.pl