Беларусы везлі на сабе кантрабанднае сала



Ва ўкраінска-беларускім сумежжы па-ранейшаму квітнее кантрабанда. Кантрабандысты вынаходзяць усё новыя спосабы перавозу праз мяжу забароненых грузаў.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Калі раней галоўным прадметам кантрабанды з Беларусі ва Украіну былі цыгарэты, а з Украіны ў Беларусь – ялавічына, то цяпер да гэтага спісу дадалося і ўкраінскае сала. У Беларусь сала правозіць забаронена з прычыны свінога грыпу, які перыядычна фіксуецца ва Украіне. Але ж народная вынаходлівасць дазваляе перавозіць тое сала ў таварных колькасцях.

Як паведамляе ўкраінскі рэсурс „Piwnich-info”, на пункце пропуска Гарадзішча, што на мяжы Ровеншчыны і Берасцейшчыны, былі затрыманыя двое кантрабандыстаў з Беларусі. Украінскія памежнікі прапусцілі іх без пытанняў, але памежнікі на беларускім баку заўважылі, што мужчыны выглядаюць занадта тоўстымі. Падчас асабістага дагляду было выяўлена, што кантрабандысты з дапамогай скотча наляпілі на сябе пад вопраткай каля 9 кілаграмаў сала.

Галоўная прычына „сальнай кантрабанды” – розніца ў коштах. Ва Украіне сала каштуе ў паўтары-два разы танней, чым у Беларусі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Piwnich-info