Беларусы Вільні вядуць падрыхтоўку да Дня Волі



Мэр Вільні паабяцаў падтрымку беларускім грамадскім арганізацыям. Пра асноўныя пытанні, якое падымала Таварыства Беларускай Культуры на сустрэчы з Артурасам Зуокасам расказвае Васіль Акуневіч, які цяпер выконвае абавязкі старшыні ТБК.

Сустрэча адбылася 24 лютага ў Віленскай самаўправе з удзелам шматлікіх беларускіх арганізацый.

Артурас Зуокас выстаўляе сваю кандыдатуру на чарговыя выбары. Нам заўсёды асабліва атрымлівалася вырашаць усе грамадскія пытанні ў супрацоўніцтве з камандай Зуокаса. Кіраўнікі грамадскіх арганізацый у час сустрэчы выказалі мэру Вільні свае праблемы, якія, на нашую думку, могуць паспяхова быць вырашаны толькі ва ўзаемадзеянні з органамі гарадской самаўправы Вільні. Прыемна, што літоўскі бок таксама прадстаўлялі іншыя асобы, акрама мэра горада. Рэагавалі на ўсе нашыя клопаты станоўча. Быў падкрэслены гістарычны працяг працы і сяброўства паміж народамі Беларусі і Літвы: ў ранейшыя часы, часы ВКЛ, і цяпер гэтая супраца заўсёды шчыльная. І гэтым мы ўсе ганарымся. Мы адчувалі атмасферу ўзаемападтрымкі і паспяховага вырашэння абодвума народамі актуальных пытанняў.

Таксама ў час сустрэчы абмеркавалі бліжэйшыя мерапрыемствы, якія плануюць беларусы Вільні. Сярод іх – тыя пытанні, якія для беларусаў актуальныя заўсёды – адзначае Васіль Акуневіч:

У сакавіку беларускі народ адзначае сваё свята Волі. 25 сакавіка 1918 году абвясцілі Беларускую Народную Рэспублікі. Літоўцы месяцам раней 16 лютага 1918 году абвясцілі сваю незалежнасць. Яны ўжо гэтую гадавіну адзначылі, а мы рыхтуемся, і таксама прапанавалі галаве Віленскай самаўправы, каб яны мелі на ўвазе, што мы плануем мерапрыемства да гэтага свята, каб нам дазволілі яго правядзенне, і каб гэта прайшло на добрым узроўні. Разуменне ў гэтым пытанні мы, здаецца, атрымалі. Абмеркавалі мы і постаць Кастуся Каліноўскага, кіраўніка паўстання 1863-64 гадоў, які тады быў кіраўніком тут на Віленшчыне, і ўвайшоў у гісторыю народаў Беларусі і Літвы тым, што ён упершыню сярод дэмакратаў паставіў пытанне пра незалежнасць нашых народаў. Мы ганарымся нашым земляком, і хочам на добрым узроўні адзначыць гадавіну яго смерці 22 сакавіка.

Клапоціць апошнім часам беларусаў Вільні і такое пытанне, як агульная маёмасць беларусаў у Вільні, з якой узніклі праблемы, бо не атрымалася захаваць гэтую маёмасць, якую беларусы атрымалі ў 1991 годзе:

–  У значнай меры гэтая маёмасць згублена і ў першую чаргу з-за няўдалага кіраўніцтва з боку беларускіх грамадскіх арганізацый. Ёсць магчымасць хоць часткова павярнуць справы назад, і каб тую маёмасць на вуліцы Жыгімонта ў Вільні шляхам рэстытуцыі вярнуць нашай грамадзе. Паінфармавалі пра гэта мэра Вільні, каб ён ведаў пра наш клопат.

Артурас Зуокас паабяцаў падняць паперы ў гэтым справе з маёмасцю, і сказаў, што мэрыя можа выступіць трэцім бокам у працэсе, каб дапамагчы вырашыць гэтае складанае юрыдычнае пытанне. Мэр Вільні адзначыў, што важна, каб у беларускай дыяспары быў свой куток.

Васіль Акуневіч нарадзіўся ў 1941 годзе ў вёсцы Кузявічы, што ў 15 кіламетрах ад Ружан, пры дарозе на Ваўкавыск. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім палітэхнічным інстытуце. Па спецыяльнасці інжынер-канструктар. У Вільню прыехаў у 1969 годзе як малады спецыяліст. Працаваў арганізатарам вытворчасці прадукцыі на прамысловых прадпрыемствах. Ад выхаду на пенсію па-новаму вывучыў беларускую мову і далучыўся да грамадскага жыцця беларусаў Вільні. Цяпер выконвае абавязкі старшыні ТБК.

Беларускае Радыё Рацыя