Пратэстоўцы на польска-беларускай мяжы: “Застаемся!” (абноўлена)



Беларускія пратэстоўцы працягваюць намётавыя мітынгі ўжо ля двух прапускных пунктаў Польшчы – Баброўнікі і Кузніца.

Аб уражаннях распавядаюць самі ўдзельнікі пратэстаў:

– Выйшаў, каб падтрымаць іх, нам тут свабодна, а там рэпрэсіі ў Беларусі.

– Убачыў вось – мая радзіма, праз рэчку, цяжка гэта бачыць.

–  У нас ідзе пратэст, каб Еўропа была салідарная з намі, каб адкрылі граніцу, каб адпусцілі палітзняволеных і каб мы ўсе разам жылі ў міры і згодзе. Вось толькі таму мы тут.

– Жыве Беларусь! Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!

Беларускія пратэстоўцы запрашаюць далучыцца да мітынгаў да 12 чэрвеня ўключна. Жадаючыя пераночыць у пратэставым летніку мусяць мець уласны намёт.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

***

Падчас акцыі пратэсту была падпісана петыцыя ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь з просьбай адкрыць нарэшце наземныя межы краіны.

Кажа кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка, які асабіста пайшоў перадаваць петыцыю беларускім памежнікам у рукі:   – Петыцыя ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, у якой патрабуем ад улад, каб быў адноўлены артыкул 30 Канстытуцыі Беларусі – магчымасць беларусамі свабоднага перасячэння мяжы. Дарога да дэмакратычнай Беларусі не лёгкая. Яна цяжкая.

Акцыя пратэсту беларусаў ля прапускнога пункту «Баброўнікі» працягваецца. Да пратэстоўцаў можа далучыцца любы ахвочы да 12 чэрвеня ўключна.

* * * 

Акцыя беларускай дыяспары на граніцы Баброўнікі-Бераставіца перайшла ў новы фармат.

Фота Вольгі Сямашкі і Юркі Ляшчынскага.

Цяпер, акрамя намётавага мітынгу, удзельнікі блакуюць праезд да граніцы грузавому і пасажырскаму транспарту. Як гэта адбываецца і ці можна праехаць у напрамку пункту пропуску – пытаем у нашай карэспандэнткі Вольгі Сямашка:

– Зараз на прапускным пункце Баброўнікі адбываецца сапраўднае перакрыццё мяжы ў абодва бакі. Прыкладна схема такая  – 50 чалавек ходзяць па пешаходным пераходзе з лозунгамі і музыкай, з заклікамі. На выезд чакае адна фура з гарадзенскім нумарам. Зараз кіроўцу даюць улёткі з патрабаваннямі пратэстоўцаў. Кіроўца ставіцца добра, падтрымлівае пратэстоўцаў агнямі бліжняга святла. І так будзе, напэўна, з кожнай машынай, якая будзе прабірацца праз мяжу. Сам мітынг ахоўваюць тры нарады паліцыі, усё адбываецца мірна, ціха, да першай заўвагі паліцыі. Пакуль заўваг няма, людзі ходзяць. Праезд у Беларусь і ў Польшчу перакрыты.

РР:  Усё ж такі праехаць можна, толькі павольна?

– Схема працуе наступным чынам – прыкладна 15 хвілін пратэстоўцы ходзяць і не даюць праехаць машынам. І вось я бачу, што з Польшчы чакае выезду легкавая машына з расейскім нумарам і фура з нарвежскім, якія таксама не могуць праехаць. І будуць чакаць.

Памежны пераход Баброўнікі-Бераставіца ад сёння будуць блакаваць з польскага боку беларускія палітычныя актывісты.

Пра гэта ў нашым ранішнім эфіры паведаміў прэс-сакратар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Максім Паршута:

–  Сёння ў 12 па мясцовым часе мы пачнем перашкаджаць руху грузавому транспарту, Гэта ўзгодненая легальная акцыя. Як сапраўдныя беларусы былі здзіўлены таму, што такое ўвогуле магчыма ўзгадніць з мясцовымі ўладамі. Але гэта сапраўды рэальнасць, і ў 12.00 сёння пачнецца. Мы на самой справе самі былі здзіўленыя, калі задумвалі гэта і даведаліся ад людзей, якія тут жывуць, што ў Польшчы гэта абсалютна легальна. Проста патрэбны час, шмат тэлефанаванняў для ўзгаднення. І вось так – у 12.00 пачнецца легальнае перакрыццё дарогі.

Як дадаў Максім Паршута, не выключана, што актывісты, якія мітынгуюць на памежным пераходзе ў Медніках, таксама змогуць дамагчыся ад уладаў дазволу на блакаванне руху.  Раней пра намер  блакаваць памежны пераход Баброўнікі-Бераставіца ў сваім тэлеграм-канале паведаміў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.  Па яго словах, гэта робіцца для таго, каб паказаць Еўропе, што гандляваць з рэжымам Лукашэнкі нельга, каб запатрабаваць вызваліць усіх палітычных зняволеных і вярнуць грамадзянам Беларусі права свабодна перамяшчацца, якое рэжым адабраў у беларусаў з 21 снежня.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя