Беларусы змогуць трапіць у Беласток па культурніцкіх візах
У новым культурніцкім сезоне беларусы таксама змогуць атрымаць магчымасць трапіць у Беласток па так званых культурніцкіх візах, у прыватнасці для наведвання Падляскай Опэры і Філармоніі. Разам з набыццём квітка адкрываецца шэнгенская віза для паездкі без аплаты консульскага збору.
Віцэ-маршалак падляскага ваяводства Мацей Жыўна адзначыў, што такія культурніцкія паездкі летась карысталіся вялікім попытам сярод беларусаў.
– Гэта была вельмі добрая ініцыятыва, якая павялічыла з аднаго боку колькасць візаў для беларусаў, якія наведваюць культурныя ўстановы. А для нашых культурных установаў – добрая нагода павялічыць колькасць гледачоў.
Па словах Мацея Жыўны, летась 25 тысяч беларусаў, якія скарысталіся магчымасцю атрымаць культурніцкія візы і наведаць Падляскую Оперу і філармонію.
У новым сезоне бясплатныя культурніцкія візы прадугледжаны толькі для моладзі ва ўзросце да 25 гадоў.
Першыя паездкі запланаваныя ўжо напрыканцы верасня – пачатку кастрычніка, калі будзе можна трапіць на пастаноўку оперы Жоржа Бізэ “Кармэн”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя