Беларусы зноў масава прыязджаюць у Чарнігаў “па закупы”



Пасля леташніх падзеяў на кіеўскім Майдане ў Чарнігаве значна паменшыла гомельскіх беларусаў, якія традыцыйна прыязджалі ў гэты памежны горад “на закупы”. Ці не галоўная прычына – расейская прапаганда, якая пазіцыянавала новыя ўкраінскія ўлады як “фашыстаў” і “гітлераўцаў”. Да таго ж,  на гомельскіх інтэрнэт-форумах свядома распаўсюджваліся чуткі пра тое, што ў Чарнігаве нібыта масава адбіраюць машыны ў гамяльчанаў і нават збіваюць тых, хто не ведае ўкраінскай мовы.

Але такая прапаганда  аказалася марнаю. Ад нядаўняга часу беларусы масава вяртаюцца на рынкі Чарнігава. Кошты тут у два і болей разы таннейшыя, чым у Гомелі. На мінулыя выходныя ці не траціна машын каля чарнігаўскіх рынкаў была з беларускімі нумарамі.

Тым часам чарнігаўскія бізнэсоўцы ўжо даюць адмысловыя рэкламы па-беларуску.

Марцін Война, Беларускага Радыё Рацыі, Украіна.