Беларусы зноў вывезлі з Польшчы тавараў на рэкордную суму



Падляшская мытная служба ў Беластоку падвяла вынікі сваёй дзейнасці за мінулы год. Паводле кіраўніка мытнай службы, падінспектара Міраслава Сенкевіча, беларусы прыносяць прыбыткі не толькі мясцовым прадпрымальнікам, але ўсяму рэгіёну:

– Вельмі шмат тавараў беларусы набылі ў нашых гандлёвых цэнтрах. Шмат людзей прыязджаюць да нас на закупы. Мы на Падляшшы вельмі цешымся з гэтай нагоды.

Дзеля таго, каб спрасціць афармленне дакументаў Tax Free і адначасна прыспешыць працэс перасячэння мяжы, Мытная служба ўвяла сістэму электроннага афармлення такіх дакументаў прадаўцом або самім падарожнікам.

Па стане на снежань 2014 году, больш за палову ўсіх дакументаў Tax Freе былі аформленыя, дзякуючы гэтай сістэме. Таксама цяпер функцыянуе бесплатны мабільны дадатак «Granica», які дае актуальную інфармацыю пра сітуацыю на памежных пераходах.

 Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя