Беластачанкі далучаюцца да ініцыятывы “Стагоддзе жанчын”
Сярод беластачанак розных прафесій узнікла ініцыятыва “Стагоддзе жанчын”. Іх мэта – актывізацыя жанчын у розных сферах жыцця. Шэраг імпрэзаў, якія адбудуцца ў бліжэйшыя месяцы, прымеркаваны да сотай гадавіны атрымання жанчынамі выбарчых правоў у Польшчы. Арганізатаркі плануюць правесці дэбаты, сустрэчы з пісьменніцамі, літаратурны конкурс ды бізнес-сняданкі для жанчын.
Важна таксама нагадваць пра славутых жанчын у гісторыі Беластока, кажа каардынатарка ініцыятывы Кацярына Штоп-Руткоўская:
– Для нас вельмі важна нагадваць пра жанчын, якіх, на жаль, вельмі часта забываюць у гісторыі як лакальнай, так і агульнапольскай.
Апрача таго ініцыятаркі кампаніі “Стагоддзе жанчын” плануюць майстар-класы, лекцыі і паказы моды. Ліст мерапыемстваў не закрыты, і арганізатаркі запрашаюць усіх да супрацоўніцтва.
Першыя ў свеце выбарчыя правы атрымалі жанчыны ў Новай Зеландыі ў 1893 годзе. Аднымі з апошніх, у 2015-м, выбарчыя правы атрымалі жыхаркі Саудаўскай Аравіі.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток