Беласток адкрыў роварны сезон



Беласток адкрыў роварны сезон. Ад першага красавіка ў сталіцы Падляшша, а таксама ў гмінах Юхнавец і Хорашч, можна карыстацца гарадскімі роварамі.

BiKeR, або беластоцкае роварнае спалучэнне, у восьмы раз вярнулася на вуліцы. Агулам працуе 58 пунктаў, дзе даступныя 574 ровары, у тым ліку тандэмы і дзіцячыя.

Кажа віцэ-прэзідэнт горада Рафал Рудніцкі:

– Гэта ўжо восьмы сезон гарадскіх ровараў. Думаю, што гарадскія ровары ўжо прыжыліся ў Беластоку. Гэта пацвярджаюць і лічбы: амаль 100 сто тысяч зарэгістраваных карыстальнікаў, беластачане ўзялі ровары напракат каля трох мільёнаў разоў. Гэта вялікія лічбы, беластачане ахвотна карыстаюцца роварамі для перамяшчэння па горадзе, асабліва тыя, якія не маюць ровара, жывуць у цэнтры альбо на ўскраінах і хочуць з дапамогай такога сродку перамяшчацца.

Каб карыстацца гарадскімі роварамі, трэба зарэгістравацца ў сістэме BiKeR і ўнесці першую аплату памерам 20 злотых. Узяць ровар напракат можна між іншым з дапамогай мабільнага прыкладання. Першыя 25 хвілін карыстання – бясплатныя, язда да гадзіны каштуе 1 злоты, дзве гадзіны – 3 злотыя, а за кожную наступную гадзіну заплацім 5 злотых.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя