Беласток – адзіны ваяводскі горад у Польшчы, дзе не праводзяць даследаванні на COVID-19
Беласток – адзіны ваяводскі горад у Польшчы, дзе не праводзяцца даследаванні на выяўленне COVID-19. Кіраўнік беластоцкай клінікі інфекцыйных хвароб і геапаталогіі папярэджвае: „Стварэнне належнай лабараторыі тут неабходна неадкладна. Тэрмінова патрэбнае таксама абсталяванне для засцярогі медычнага персаналу. У адваротным выпадку нам пагражае закрыццё прыёмнай палаты, піша “ Газэта Выборча”.
Прафесар Роберт Флісяк, кіраўнік клінікі інфекцыйных хвароб і геапаталогіі Медычнага ўніверсітэта і старшыня Польскага таварыства эпідэміёлагаў і лекараў інфекцыйных хвароб, не хавае, што сітуацыя з пандэміяй каронавіруса ў Беластоку драматычная.
“Маем вялікі натоўп людзей, якіх да нас накіроўваюць з падазрэннем на наяўнасць коронавіруса. Ваяводская санітарна-эпідэміялагічная станцыя не праводзіць даследаванняў у гэтым кірунку. Мы вымушаныя доўга чакаць вынікаў з Нацыянальнага інстытута гігіены ў Варшаве. І гэта адзінае месца, дзе мы можам зрабіць гэтыя тэсты. У выніку людзі застаюцца з намі ў ізаляцыйным блоку. На практыцы ў адзін момант увесь павільён, гэта значыць, адна з найбуйнейшых інфекцыйных клінік у Польшчы, будзе занята толькі назіральнымі пацыентамі. Трэба неадкладна запусціць лабараторыю, якая дасць вынікі даследаванняў на працягу некалькіх гадзін,” – адзначае беластоцкі эпідэміёлаг прафесар Роберт Флісяк.
Як паведамлялася, на Падляшшы дагэтуль не выяўлена ніводнага выпадку заражэння каронавірусам. Ва ўсёй краіне зафіксавана 49 захворванняў, з якіх – адзін смяротны выпадак. Гэта 57-гадовая пацыентка з Познані.
Fot. Władysław Czulak / Agencja Gazeta)