Беласток адзначае 100-годдзе аднаўлення незалежнасці



Беласток адзначае 100-годдзе аднаўлення незалежнасці. 19 лютага 1919 года апошні цягнік з нямецкімі жаўнерамі пакінуў Беласток, а першыя польскія жаўнеры занялі горад.

Так для беластачан завяршылася Першая сусветная вайна і вярнулася незалежнасць. У сувязі з юбілейнай датай на працягу года запланаваныя шматлікія мерапрыемствы.

Намеснік прэзідэнта горада Рафал Рудніцкі запрашае апоўдні на рынак Касцюшкі, дзе пачнуцца афіцыйныя ўрачыстасці з удзелам уладаў, вайсковага аркестра, сілавых структур і беластачан:

– Будзем частаваць беластачан бела-чырвоным тортам, адкрыем памятнаю шыльду на будынку дзяржаўнага архіва. Для нас важна, каб гэты ўдзел быў як мага больш масавы. 19-га лютага ў Падляшскай оперы і філармоніі таксама адбудзецца канцэрт калектыва „Мазоўша”. Пры нагодзе ўзгадаем 100 найбольш вядомых беластачан, якія аказалі найбольшы ўплыў на жыццё нашага горада.

Таксама ўрачыстасці адбудуцца на вайсковых могілках, дзе будуць запаленыя знічы і ўскладзеныя кветкі. Газета Kurjer Poranny падрыхтавала адмысловае выданне, якое змяшчае матэрыялы з гісторыі Беластока за апошняе стагоддзе. Гэтае выданне, якое мае роўна 100 старонак, змесцяць у “Капсулу часу” каля будынка Ратушы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя