Беласток адзначае 99-ю гадавіну вызвалення
19 лютага 1919 года, калі немцы пакінулі горад, польскія аддзелы ўвайшлі ў Беласток.
Галоўныя ўрачыстасці прайшлі каля помніка Юзэфу Пілсудскаму. Кветкі ўсклалі прадстаўнікі сілавых структур, ветэраны, а таксама прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі, былы прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі ды падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі.
Паводле дырэктара аддзялення Дзяржаўнага архіва ў Беластоку Марка Кетліньскага, палякі рыхтаваліся да вызвалення Беластока:
– З’явіўся Цэнтральны камітэт Беластоцкай вобласці з Феліксам Філіпавічам на чале. 12 лютага 1919 года з’явіўся Часовы гарадскі камітэт на чале з Юзэфам Пухальскім. Найважнейшае было 5 лютага – Беластоцкая дамава, пасля падпісання якой было вядома, што нямецкія войскі выйдуць, а польскія аддзелы змогуць увайсці.
У межах святкавання гадавіны незалежнасці беластачане праверылі свае гістарычныя веды. У кіно „Forum” прайшоў Вялікі тэст ведаў па гісторыі Беластока, падчас якога ўдзельнікі адказалі на 30 пытанняў. Пераможца атрымаў 3000 злотых.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя