Акцыя салідарнасці з Беларуссю і Украінай у Беластоку (абноўлена)



Ля консульства Беларусі ў Беластоку ў нядзелю адбылася акцыя салідарнасці з Беларуссю і Украінай. Галоўная тэма публічнага сходу – падтрымка палітвязняў у Беларусі, колькасць якіх пастаянна расце:  рызыка стаць палітвязнем існуе для кожнага жыхара Беларусі.

Cваімі меркаваннямі падзяліліся ўдзельнікі акцыі:

–  Мы прыйшлі, каб падтрымаць нашых палітвязняў, паказаць, што мы не здаемся і ніколі не здадзёмся, мы будзем працягваць барацьбу, пакуль дыктатар не сыйдзе. Каб яны разумелі, што яны не адны.

–  Гэта час, калі мы можам прыйсці і падтрымаць Украіну.

– Самае страшнае тое, што мы ўсялякімі спосабамі намагаемся іх падтрымаць, пішам лісты вязням, але адказаў зусім няма з іх боку.

– Там зараз дастаткова слова – і станеш палітычным вязнем.

–  Мы прыйшлі падтрымаць наш брацкі народ, нашых братоў-украінцаў

–  Рады бачыць тут беларусаў, якія прыйшлі.

Па словах арганіазатараў акцыі, падобная акцыя не апошняя. Мітынгі і спалучаныя з імі зборы сродкаў для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне ад беларускай дыяспары ў Беластоку будзе працягвацца і надалей.

***

Ля консульства Беларусі ў Беластоку адбылася акцыя салідарнасці з Беларуссю і Украінай. Галоўная тэма публічнага сходу – падтрымка палітвязняў у Беларусі, колькасць якіх пастаянна расце:  рызыка стаць палітвязнем існуе для кожнага жыхара Беларусі. Акрамя таго ля будынка консульства абноўлены стыхійны мемарыял у памяць асобаў, якія загінулі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 году.

Асобная пляцоўка ля консульства – месца збору рэчаў і сродкаў для беларускага палка „Пагоня”, які далучыўся да міжнароднага легіёна Узброеных сіл Украіны. Можна прыносіць гігіенічныя наборы, новую ніжнюю бялізну для мужчын, трэкінгавыя шкарпэткі, коўдры з фальгі, паўэрбанкі, батарэйкі ААА, пары стэрыльных хірургічных пяльчатак, энергетычныя батончыкі і БЧБ сцягі.

Гучыць успамін пра палітзняволеных Беларусі. „Гэта наш боль, яны сядзяць у нечалавечых варунках. Людзі, якія думаюць інакш, зняважаны.”

Агучана дапамога беларускай дыяспары на карысць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.

Працуе вольны мікрафон. Гучыць заклік рабіць усё мажлівае ў варунках зацягнутай вайны ва Ўкраіне і палітычнага крызісу ў Беларусі. У тым ліку ўдзел у акцыях, напісанне лістоў палітвязням. Прыводзіцца лічба 80 дыверсій на чыгунцы Беларусі супраць перасоўвання расейскай зброі.

Людзі падносяць рэчы і грошы на карысць палка „Пагоня”.

Прысутныя ўпэўнены, што месца Беларусі і Украіны – у Еўразвязе. Ёсць і тыя, хто за абсалютна незалежны шлях беларускага народу ў свеце.

Прысутныя ўкраінцы словамі падтрымалі пабрацімаў у барацьбе, выказалі салідарнасць палітвязням.  Гучаць расповеды пра ўкраінскіх сваякоў беларусаў ва Украіне.

Агучваецца сітуацыя ў Беларусі і формы пратэсту, якія яшчэ мажлівыя, і ў большасці – пасіўныя.

Нават самыя нязначныя ўчынкі беларусаў у сукупнасці дадуць эфект. Беларусы мусяць адчуць адказнасць за будучыню краіны! Наступае момант, калі людзі ў Беларусі могуць прачнуцца ў такой жа жудасці, як і ўкраінцы.

Мітынг завершаны. Збор рэчаў і сродкаў – працягваецца. Арганізатары запэўнілі ў дастаўцы сабранага ва Украіну для палка „Пагоня”.

Беларускае Радыё Рацыя, Беласток