З Беластоку да Варшавы – крыху больш, чым за гадзіну



Цэнтральны камунікацыйны порт мае злучыць усе элементы грамадскай камунікацыі Польшчы, у тым ліку чыгунку. Цэнтральны порт – гэта найперш вялізны аэрапорт, які зможа абслугоўваць да 100 мільёнаў пасажыраў у год.

Ён мае паўстаць паміж Варшавай і Лоддзю да 2027 года, кошт яго будовы складзе ацэначна каля 35-ці мільярдаў злотых. Будова порта істотна зменіць і чыгуначныя спалучэнні. Абяцаецца, што дарога з Беластоку да Варшавы зойме крыху больш за гадзіну, а да Цэнтральнага порта – паўтары гадзіны. Гэтыя звесткі агучыў дэпутат польскага Сейму з Падляшша Яцэк Жалек падчас прэс-канферэнцыі ў Беластоку. Ён распавёў, якія змены чакаюць  у перспектыве жыхароў Беластоку:

– З пункту гледжання жыхароў Беластока, самае галоўнае – гэта злучэнне Беласток – Варшава, якое па чыгунцы складзе ўсяго 1 гадзіну 15 хвілін. З’явіцца спалучэнне з Варшавы да Граева, Элку, Сувалак і Вільні, якое будзе мець міжнародны статус. Беласток ужо ўпісаны ў новую агульную сетку камунікацыйных спалучэнняў. Адзначу, што гэта будуць чыгуначныя спалучэнні з высокай хуткасцю цягнікоў.

Ацэньваецца, што ў падляшскую чыгунку будзе ўкладзена каля чатырох мільярдаў злотых, гэта прыкладна 930 мільёнаў еўра. Агулам у Польшчы плануецца пабудаваць 1 300 кіламетраў новых чыгуначных ліній, а цягнікі маюць дасягаць хуткасці нават 200-230 кіламетраў на гадзіну.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота: Wojciech Wojtkielewicz