Беласток – для Белавежскай пушчы
У сталіцы Падляшша прайшло мерапрыемства ў абарону ўнікальнага Нацыянальнага парка – Белавежскай пушчы.
Апошнім часам з польскага боку ляснога масіву адбываюцца вырубкі дрэваў, што выклікала пратэсты эколагаў, дзеячаў культуры, палітыкаў і неабыякавых грамадзян. Міністэрства прыроды і леснікі сцвярджаюць, што вырубкі – гэта галоўны метад змагання з караедам, які масава пашкодзіў сосны. Ахоўнікі прыроды лічаць, што пад выглядам змагання з караедам ідзе гаспадарчая вырубка пушчы. Кажа былы дырэктар Нацыянальнага парку, старшыня таварыства Спадчыны Падляшша Міраслаў Сцепанюк:
– Вядома, не выключаецца змаганне з караедам у гаспадарчых лясах, якія ўспрымаем як плантацыі, што мусяць прыносіць нам карысць з вырубкі дрэваў, іх пасадкі і развядзення. Аднак Белавежская пушча – гэта выключная натуральная экасістэма, таму мы павінны ахоўваць яе як суцэльную экасістэму і пакінуць пушчу ў спакоі.
Падчас беластоцкага мерапрыемства, якое прайшло ў клубе Zmiana Klimatu, адбыўся паказ фільма, прысвечанага Белавежскай пушчы, і дыскусія. Радны Беластока Войцех Каранкевіч для ўсіх ахвотных упрыгожваў прынесеныя з сабой кашулькі сімвалам, які абазначае “Я люблю пушчу”:
– Чаму “Я люблю пушчу”? Бо гэта найпрасцейшы сімвал. Мы яе любім і хочам, каб яна засталася такой, якой яна ёсць. Усе кажуць, што мы яе захоўваем. І мы так гаворым, і міністр Шышка. Толькі мы захоўваем яе такой, якой яна ёсць: не хочам вырубаць старыя дрэвы і садзіць новыя, бо такія рэчы робяцца ў лесе, а не ў пушчы.
Нядаўна міністр прыроды Польшчы Ян Шышка выказаўся пра тое, што Белавежская пушча была ўнесена ў сусветны спіс прыроднай спадчыны UNESCO з парушэннямі. Паводле яго, пушча павінна быць аб’ектам культурнай спадчыны, а не прыроднай. Але ў гэтым выпадку ў Нацыянальным парку будзе дазволена шырокае ўмяшальніцтва чалавека.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота аўтаркі