Беласток-Гародня: Рэгіянальная супраца (абноўлена)
Прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі ўжо трэці раз змагаецца за пасаду кіраўніка горада. Гэтым разам ён стартуе як беспартыйны кандыдат з падтрымкай партыі „Грамадзянская платформа”. У выбарах ён мае яшчэ шасцярых канкурэнтаў.
У інтэрв’ю нашаму радыё прэзідэнт Трускаляскі адзначыў, што ўсходні вектар застаецца адным з прыярытэтных у развіцці Беластока. Аднак свабоднаму перамяшчэнню жыхароў праз мяжу надалей замінае шэраг фактараў:
– Мы прызвычаіліся ці хутчэй адвыклі ад таго, што чакае нас на мяжы, бо ў 20 краін Еўропы мы ездзім без ніякага кантролю, што ў сваю чаргу знеахвочвае. З іншага боку мы таксама чакаем ажыццяўлення дамовы аб малым памежным руху, гэта дакладна магло б павялічыць памежны рух у абодва бакі паміж грамадзянамі нашых краін.
Дамова пра малы памежны рух з польскага боку поўнасцю ратыфікаваная. Справа – за беларускім бокам, які да гэтага часу так і не перадаў у Варшаву адпаведныя дакументы.
Беласток шмат гадоў падтрымлівае шчыльныя сувязі з Гародняй. Першая дамова, якая тычыцца супрацы двух гарадоў, была падпісна яшчэ 16-га чэрвеня 2000 года – прыгадвае прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі.
Цяпер кантакты падтрымліваюцца ў розных сферах: культурнай, спартовай ды эканамічнай, – усё больш актывізуюцца дачыненні прадстаўнікоў бізнесу.
Кіраўнік Беластока падкрэслівае, што ўсходні напрамак – адзін з прыярытэтных, зыходзячы з памежнага размяшчэння сталіцы Падляшша:
– Вядома, з’яўляючыся краінай-чальцом Еўразвяза, мы больш глядзім на Захад. Але наш горад знаходзіцца на ўсходзе Польшчы, таму нашы інтарэсы ёсць і на ўсходзе Еўропы. У звязку з гэтым мы вельмі пазітыўна ставімся да супрацы з Беларуссю, самаўрадамі і гарадамі гэтай краіны. Прадпрымальнікі хочуць весці бізнес у Беларусі.
Тадэвуш Трускаляскі ўжо трэці раз змагаецца за пасаду прэзідэнта Беластока. Гэтым разам ён стартуе як беспартыйны кандыдат з падтрымкай партыі «Грамадзянская платформа». У выбарах ён мае яшчэ некалькіх канкурэнтаў, сярод якіх Робэрт Жыліньскі з Сувальскай спецыяльнай эканамічнай зоны, Ян Дабжыньскі – прадстаўнік апазіцыйнай партыі «Права і Справядлівасць», Кшыштаф Біл-Ярузэльскі ад Саюзу дэмакратычных левых сілаў ды іншыя кандыдаты.
Мясцовыя выбары ў Польшчы пройдуць 16-га лістапада.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота