Акцыя ў Беластоку — за шматкультурнасць і талерантнасць (абноўлена)



Сёння, 11 чэрвеня,  адбудзецца акцыя “Беласток – вольны ад нянавісці”. Гэтая акцыя мае паказаць, што Беласток – горад шматкультурны і шматнацыянальны, адкрыты для ўсіх. Сімвалам мерапрыемства абралі “адкрытую далонь”. Усіх беластачанаў і гасцей горада запрашаюць а 15-ай гадзіне збірацца каля фантана на пляцы Касцюшкі. Арганізатары просяць прыходзіць на акцыю без аніякай сімволікі і атрыбутаў, выключна ў якасці жыхароў і гасцей горада. Кажа прадстаўніца арганізатараў Катажына Штоп-Руткоўская:

– Я таксама крыху баюся, што могуць быць транспаранты, якія па-просту супярэчаць нашаму светапогляду і нашым ідэалам. Таму вельмі просім, каб не было ніякіх транспарантаў і лозунгаў. У час акцыі нават не будзем выкрыкваць лозунгаў, будзе толькі музыка, якая, маю надзею, аб’яднае ўсіх, незалежна ад палітычнага выбару ці ўласных светапоглядаў.

Акцыя “Беласток – вольны ад нянавісці” завершыцца каля Драматычнага тэатра, дзе ахвотныя змогуць падпісацца пад адмысловым маніфестам. На час акцыі – з 15 да 17 гадзін – у цэнтры горада абмяжуюць рух транспарту.

* * *

Адмысловая акцыя супраць неталерантнасці і падзелу беластачанаў на “лепшых” і “горшых” пройдзе ў сталіцы Падляшша ў бліжэйшую суботу.

Катажына Штоп-Руткоўская

Арганізатары, сярод якіх Катажына Штоп-Руткоўская, не хаваюць, што да правядзення акцыі іх падштурхнуў нядаўні марш нацыянал-радыкалаў вуліцамі горада, у час якога гучалі, між іншым, антысеміцкія лозунгі:

– Хочам мабілізаваць людзей для таго, каб яны прыйшлі і пацвердзілі, што Беласток – гэта адмысловы горад. І мы хочам бачыць яго адкрытым для людзей розных нацыянальнасцей і рознага веравызнання, горадам, які не баіцца гэтага непадабенства.

Акцыя ў Беластоку супраць нянавісці і неталерантнасці пройдзе 11 чэрвеня і пачнецца а 15-ай гадзіне каля фантана на пляцы Касцюшкі.

– Мы хочам паказаць, што ў Беластоку ёсць людзі, якія думаюць па-іншаму, якія хочуць, каб у Беластоку была адкрытасць, таксама адкрытасць на разнароднасць, якая ў нас была і ёсць традыцыйна. Вельмі часта здараецца, што гэтая шматкультурнасць з’яўляецца такім слоганам, за якім вельмі мала стаіць.

Арганізатары запрашаюць усіх беластачанаў і гасцей гораду, незалежна ад іх палітычных поглядаў, нацыянальнасці і веравызнання.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток