Беласток і Варшаву звяжуць сучасныя камфортныя цягнікі



Склад абсталяваны кандыцыянерамі, WiFi, відэакамерамі, месцамі для ровараў, на борце таксама ёсць бар.

Найбуйнейшая польская пасажырская чыгуначная кампанія PKP Intercity, якая з’яўляецца часткай дзяржаўнага гіганта PKP, прыступіла да прыёму сучасных цягнікоў PESA DART.

Фірма заказала 20 пасажырскіх складаў, якія вырабляюцца польскай фірмай PESA са штаб-кватэрай і вытворчасцю ў горадзе Быдгашч (паўночная частка краіны).

Усе цягнікі PKP Intercity павінна прыняць да канца снежня бягучага года, бо ў адваротным выпадку страціць датацыю з фондаў Еўразвязу.

PESA DART – гэта сучасныя й эканомныя электрацягнікі далёкага следавання. Склады могуць рухацца з хуткасцю 160 км/г. У камфортных умовах на цягніку могуць здзяйсняць паездку 352 пасажыры (292 у другім класе й 60 – у першым).

Склад абсталяваны сістэмай кандыцыянавання паветра, перадатчыкамі WiFi, камерамі відэаназірання, месцамі для ровараў, на борце таксама ёсць бар. Даўжыня цягніка – 153 мэтры, важыць склад 280 тон.

PKP Intercity плануе, што цягнікі PESA DART звяжуць заходнюю Польшчу з усходняй. У прыватнасці, адной з базаў цягнікоў стане Беласток, адкуль яны будуць накіроўвацца ў рэйсы праз Варшаву ў Вроцлаў, Чанстахову, Лодзь, Катавіцы й іншыя гарады.

Польскае Радыё