Канферэнцыя „Бежанства 1915 года” ў Беластоку (абноўлена)



Пра бежанства 1915 года ў гісторыі і традыцыі беларусаў Падляшша гаварылі ў Беластоку падчас міжнароднай навуковай канферэнцыі. На думку арганізатара канферэнцыі, прафесара Алега Латышонка, у адрозненне ад беларускіх гісторыкаў, падляшскія даследчыкі добра распрацавалі тэму бежанства.

– Якраз у нас гэта тэма стаіць на больш высокім узроўні, чым у Беларусі. Там пры ўладзе людзі, які не тое, што забараняюць гэту тэму, а проста яе не адчуваюць. Там пераважае нарацыя Усходняй Беларусі. Для іх бежанства не існавала.

Каля 20-ці навукоўцаў з Беларусі, Польшчы ды Латвіі прымае ўдзел у навуковай канферэнцыі, прысвечанай пытанням бежанства.

DSC00109

Гэтае масавае вымушанае перасяленне насельніцтва заходніх губерняў Расейскай імперыі ахапіла паводле розных падлікаў ад 3,5 да 6 мільёнаў асобаў. Найбольшыя спусташэнні закранулі Гарадзенскую і Берасцейскую губерні.

На думку прафесара Рыгора Лазько з Гомеля, гэтыя падзеі паўплывалі на менталітэт беларусаў:

– Гэта настолькі важны вызначальны фактар менталітэта, шырэй светапогляду беларусаў, які можна параўнаць толькі з так званым „Патопам” сярэдзіны 17 стагоддзя. Гэта фактар не менш важны, храналагічна ён з’явіўся раней, можа нават і важнейшы, чым усе падзеі Другой сусветнай вайна.

Канферэнцыю „Бежанства” 1915 года ў гісторыі і традыцыі беларусаў Падляшша, ладзіць Беларускае гістарычнае таварыства. 13 лістапада пройдзе другі дзень канферэнцыі.

[Not a valid template]

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя