Беласток пачаў перыяд Велікодных кірмашоў



Беласток працягвае гістарычную традыцыю кірмашоў. На пляцы Касцюшкі ў цэнтры горада адбыўся штогадовы Велікодны кірмаш народнай творчасці Падляшша.

Гэта гандлёвае і прэзентацыйнае мерапрыемства, якое збірае ўдзельнікаў не толькі з Польшчы, але таксама з Літвы і Беларусі. Арганізатарам з’яўляецца Падляшскі музей у Беластоку – кажа яго супрацоўніца Яніна Добуш:

Удзельнікаў сабралася вельмі шмат, ёсць ранейшыя, але шмат і новых удзельнікаў. Прадстаўлены і новыя прадукты як рэгіянальныя, так і з Літвы, і з Беларусі.

Беларуская майстрыца выцінанкі Вольга Бабурына прыехала з Маладэчна, і ўжо не першы раз прысутнічае на беластоцкім кірмашы:

Мне падабаецца прыязджаць у Беласток, вельмі падабаецца гасціннасць людзей, падабаецца стаўленне да маёй выцінанкі. Людзі падыходзяць і цікавяцца.

Дарота Сульжык з майстэрні “Сундук” прыехала з Валілаў станцыі на Падляшшы:

– Шмат знаёмых вельмі падыходзіць. Людзі падыходзяць, пытаюцца, аглядаюць мае вырабы. Сёння ў мяне пераважна мае “сундучкі”, выбар вельмі вялікі. Але маю таксама велікодных зайчыкаў, ёсць і з падляшскім гафтам.

Кірмашы ў Беластоку – гэта гістарычная гарадская традыцыя. Ужо  ў пачатку XVI стагоддзя забаранялася арганізоўваюць кірмашы ў вёсках. Намаганнямі гетмана Яна Кляменса Браніцкага першы прывілей на арганізацыю гарадскога кірмашу ў Беластоку выдаў кароль Аўгуст ІІ Моцны 7 студзеня 1723 года.

Сёлетні беластоцкі Велікодны кірмаш  народнай творчасці Падляшша праходзіў пад ганаровым патранатам прэзідэнта горада Тадэвуша Трускаляскага.  Але кірмашовы перыяд толькі пачынаецца. З 12 па 19 красавіка на рынку Касцюшкі разгорнецца “Велікодны кірмаш каля Ратушы”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара