Беласток рыхтуецца да масавай вакцынацыі насельніцтва
Беласток рыхтуецца да масавай вакцынацыі насельніцтва ад каронавірусу. Да 19 красавіка ў горадзе мае паўстаць шэсць пунктаў такой вакцынацыі: тры плануе стварыць самаўрад Падляшскага ваяводства, а тры – улады горада.
Гэта дасць магчымасць кожны тыдзень рабіць па 30 тысяч прышчэпак – паведаміў падчас прэсавай канферэнцыі намеснік прэзідэнта горада Збігнеў Нікітаровіч:
– Зразумела, што гэтыя лічбы будуць залежаць ад таго, колькі мы будзем атрымліваць доз вакцыны. Я спадзяюся, што з кожным тыднем гэтых вакцын будзе ўсё больш і больш. Мы рыхтуем розныя магчымасці рэгістрацыі на вакцынацыю. А ў выпадку неабходнасці мы падрыхтаваныя да таго, каб стварыць дадатковыя пункты вакцынацыі. Мы падтрымліваем пастаянны кантакт з рознымі медыцынскімі ўстановамі.
Ёвіта Худзік з Рады горада Беласток падкрэслівае, што ідзе бесперапыннае змаганне за здароўе і жыццё людзей:
– Ад імя ўсёй Рады горада Беласток я хачу шчыра падзякаваць усім тым, хто заангажаваны ў стварэнне пунктаў масавай вакцынацыі. А да жыхароў Беластока мы звяртаемся з адзіным заклікам: рабіце прышчэпкі, бо толькі такім чынам мы можам перамагчы пандэмію і вярнуцца да нармальнага жыцця.
Першымі ў Польшчы прышчэпкі пачалі атрымліваць медыкі, педагогі, таксама асобы сталага ўзросту, паліцыянты і супрацоўнікі іншых службаў. Хутка стартуе масавая вакцынацыя ўсіх іншых жыхароў. Улады краіны плануюць, што да жніўня ўсе ахвотныя атрымаюць прынамсі першую дозу вакцыны.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя