Беласток рыхтуецца да “Усходу культуры”



Цягам бліжэйшых чатырох дзён Беластокам авалодае сучасная беларуская культура. У сталіцы Падляшскага ваяводства пачынаецца фестываль “Wschód Kultury – Inny Wymiar”.

 

Гасцей фестывалю чакаюць канцэрты гарадзенскіх дыджэяў, спектаклі беларускіх тэатраў ды фотавыстава. Сярод 31 мерапрыемства таксама спектакль “Народны альбом” у выкананні дзяцей і моладзі, якія дзейнічаюць у тэатральным гуртку таварыства “АБ-БА” ў Беластоку, кажа каардынатар фестывалю Марыюш Бецюк з Беластоцкага асяродка культуры.

– Гэта будуць маладыя выканаўцы. Дзеці і моладзь будуць прэзентаваць сябе на тэрасе ў Цэнтры імя Людвіка Заменгофа. Гэта будзе таксама цікавы досвед, бо гэты спектакль заўсёды быў прэзентаваны ў закрытых формах, а зараз яго пакажуць тут, на тэрасе, у 17.00.

Музычны спектакль “Народны альбом” у выкананні дзяцей і моладзі з тэатральнага гуртка аб’яднання АББА можна паглядзець 30 жніўня а 17-тай гадзіне ў Цэнтры імя Людвіка Заменгофа ў Беластоку. У пятніцу, 31 жніўня – Тэатр “Чрэво” пакажа сваю навейшую манадраму “Позоры”. Пачатак у 17.00 ва Універсітэцкім цэнтры культуры. Вернісаж фотавыставы  “Свае гісторыі” Марыны Бацюковай – у суботу, 1 верасня, у 16.00 у Цэнтры імя Людвіка Заменгофа.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота Васіля Кроквы