Беласток салідарны з Украінай



Ля Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку прайшоў мітынг супраць агрэсіі Расеі на тэрыторыю Украіны. У ім прыняло ўдзел больш за 100 чалавек. Сярод прысутных было шмат беларусаў, украінцаў, палякаў.

Прагучаў гімн Украіны.

Арганізатар акцыі Ян Абадоўскі выказаў словы пратэсту самой вайне і наступу на Украіну, у ты ліку з тэрыторыі Беларусі.

Працуе вольны мікрафон: выступоўцы не вераць у тое, што адбываецца. Беларускі народ не мог і не павінен быў дапусціць, каб з тэрыторыі Беларусі, Расея наносіла ўдары па Украіне.

Гучыць заклік да расіянаў выходзіць на вуліцы і пратэставаць супраць вайны.

Людзі крычаць: „Смерць расейскім акупантам!”.

Прысутныя таксама трымаюць плакаты за вывад войскаў і нават партрэт Дудаева, бо праводзяць паралелі з Украінай і Чачэніяй.

Усе згодныя з тым, што лёс Беларусі вызначаецца менавіта падчас вайны, развязанай Расеяй ва Украіне.

Прысутныя чытаюць малітву „Ойча наш” на украінскай мове.

Колькасць удзельнікаў перавысіла 100 чалавек.

Госць акцыі Антон з Украіны запэўніў, што час кветак для шчытоў сілавікоў скончыўся.

Удзельнікі акцыі крычаць у напрамку консульства Беларусі ў Беластоку : „Забойцы!!!”.

Людзі не жадаюць, каб паміралі людзі, каб іхныя целы ляжалі на зямлі ў сучасным свеце. Пуцін і Лукашэнка загуляліся ў палітыку, і свет павінен супрацьстаяць гэтаму!

Усе жадаюць хутчэйшага міру і каб расейскі рэжым атрымаў па заслугах за сваё злачынства супраць чалавечнасці.

Усе жадаюць хутчэйшага міру і каб расейскі рэжым атрымаў па заслугах за сваё злачынства супраць чалавечнасці.

Выступоўцы расказваюць, як цэлы дзень сочаць за навінамі і перажываюць  за украінцаў. Ніхто не разумее дзеянні Пуціна і Лукашэнкі, які ўводзяць народы ў вайну, аб якой ніхто ніколі не думаў. Беларусаў штучна ўцягваюць у вайну з суседзямі і падвяргаюць беларускія гарады пагрозе абстрэлаў.

Выступоўцы просяць прабачэння за тое, што дапусцілі такую ўладу, якая напала на Украіну і ўвогуле дапусцілі сітуацыю вайны ў сённяшнім свеце.

Перадаюць інфармацыю з Украіны: людзі маральна гатовы да вайны, не панікуюць. Але ў крамах ужо пустыя паліцы.

Вайна пачалася 8 год таму, калі Расея захапіла Крым.

Выступоўцы агучваюць інфармацыю пра тое, што эканамічныя інтарэсы перавышаць інтарэсы людзей. Патрэбны санкцыі. Адмена SWIFT, эмбарга, спыненне перавозак беларускага лесу для Польшчы.

Анансавана паўторная антываенная акцыя 27.02 а 18-й ля консульства Беларусі ў Беластоку для ўсіх, хто не змог далучыцца.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток