„Беласток сэрцам з Беларуссю” (абноўлена)
У Беластоку на пляцы Юзэфа Пілсудскага, што перад драматычным тэатрам, прайшоў канцэрт салідарнасці „Беласток сэрцам з Беларуссю”. Трансляцыя канцэрту вялася ў сацыяльных сетках і на хвалях нашага радыё.
Выступілі: Lavon Volski, Dzieciuki, Naviband, Organek, ILO&friends.
* * *
Канцэрт стане маніфестацыяй салідарнасці з тымі, хто цяпер змагаецца ў Беларусі за магчымасць жыць у вольнай, дэмакратычнай краіне. На канцэрт запрашае сябра прэзідыума Каардынацыйнай Рады, былы амбасадар Беларусі ў Польшчы Павел Латушка:
– Я запрашаю ўсіх, хто можа, прыйсці ў гэты вечар. Усіх беларусаў, што пражываюць на Беласточчыне, усіх палякаў, якія падтрымліваюць у гэтыя цяжкія дні беларусаў у Беларусі. Для нас вельмі важнай з’яўляецца салідарнасць. Вельмі важна, каб мы ўсе разам сабраліся і падтрымалі адзін аднаго.
Павал Станкевіч, адзін з арганізатараў канцэрту з фонду „Тутака”:
– А можа хтосьці змог бы даслаць спасылку на нашу трансляцыю Аляксандру Лукашэнку? Няхай пабачыць наш канцэрт і даведаецца, што тут, на Падляшшы, у Беластоку і ў нашых сэрцах ёсць Беларусь. Сэрцам – з вамі!
Суарганізатарамі канцэрту выступае таксама Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Беларускі дом у Варшаве, а таксама фонд „Беларусь 2020”. Ганаровымі патронамі мерапрыемства сталі маршалак Падляшскага ваяводзтва Артур Касіцкі і прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі.
Зайграюць польскія і беларускія рок-музыкі. Чакаюцца ганаровыя госці з ліку кіраўніцтва гарада і ваяводства, якія фінансава падтрымалі арганізацыю гэтага мерапрыемства. Беласток, такі блізкі да Беларусі – не мог застацца ў баку ад агульнай хвалі салідарнасці для беларусаў у гэты вырашальны час. Кажа Радэк Пусько з фундацыі „Тутака”, які таксама сярод арганізатараў:
– Бачым, як абуджаецца, ствараецца грамадская супольнасць у Беларусі. З іншага боку мы таксама бачым, як улада, кіраўнік Беларусі спрычыняцца да таго, што шмат людзей б’юць, катуюць, а некаторыя ўвогуле гінуць. На гэта не можа быць згоды з перспектывы польскай дзяржавы, з перспектывы таго месца, дзе мы жывем.
Трансляцыя канцэрту салідарнасці „Беласток сэрцам з Беларуссю” у сацыяльных сетках. 2-га кастрычніка пасля 18.00 паводле польскага часу таксама на хвалях нашага радыё.
„Беларусы! Вы цудоўныя! Гэта як Вы ствараеце свой народ – прыгожы акта салідарнасці! Мы тут на Падляшшы, у Беластоку, хочам паказаць Вам што думаем пра Вас і падтрымліваем. Запрашаем Вас на канцэрт, хочам разам з Вамі святкаваць народзіны Новай Беларусі і падтрымаць Ваш настрой у гэтыя цяжкія хвіліны. Бярыце праектары, ноўтбукі, дынамікі і запрашайце сваіх суседзяў, сяброў і родных на наш канцэрт які зможаце пабачыць на сценах Вашых хатаў і маніторах Вашых кампутараў. Зайграем для Вас па-польску і па-беларуску. Будзьце з намі, мы напэўна будзем з Вамі! Жыве Беларусь!”
Беларускае Радыё Рацыя