Беласток запрашае на спектакль пра бежанства
Закранае тэму ўцекачоў, адрознасці і талерантнасці. У выхадныя Беластоцкі асяродак культуры запрашае на спектакль “Pobyt tolerowany”. Спектакль інспіраваны даследаваннямі над сітуацыяй уцекачоў і сустрэчамі з дзецьмі з асяродка для іншаземцаў і сям’ёю чачэнскіх уцекачоў. Гэтая ініцыятыва тэатра “Szwalnia” і легендарнага тэатра “Kana” адбудзецца ў прыватнай кватэры ў цэнтры горада.
Кажа Анна Лушынская з Беластоцкага асяродка культуры:
– Гэта вельмі камеральная, блізкая сустрэча. Яна для ўсіх тых, хто хоча сустрэцца з мастакамі непасрэдна і даведацца пра такую перспектыву, як бежанства, пра якую не кожны хоча думаць.
Спектакль з’яўляецца адным з суправаджальных мерапрыемстваў Дзён сучаснага мастацтва ў Беластоку, якія пачынаюцца 18-га траўня.
У Беласток прыедуць артысты з Беларусі, Вялікабрытанніі ды Францыі. Свой спектакль пакажа таксама Яўген Карняг і яго “Korniag Theater”. Спектакль “Korniag Theatre” – у нядзелю, 22 траўня. Квіткі на ўсе мерапрыемствы даступныя ў касе кінатэатра “Форум”.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота szczecinglowny.org