Беластоцкі драматычны тэатр чакае рамонту



Беластоцкі драматычны тэатр імя Аляксандра Венгеркі напярэдадні буйнога рамонту, якога тут даўно чакалі. Падляшская Маршалкоўская ўправа атрымала фінансаванне з урадавага фонду мясцовых інвестыцый.

Чакаюцца грунтоўныя рамонтныя працы, а гэта – рэканструкцыя гістарычнай часткі, замена ўсіх камунікацый, перабудова адміністрацыйнай часткі ды іншае. Гэта канкрэтная інвестыцыя складае – 26 мільёнаў злотых, але ў тэатра ёсць і дадатковыя сродкі з іншых крыніц, паведаміла намеснік дырэктара беластоцкага драматычнага тэатра Мартына Занеўска:

– Самаўрад Беластоцкага ваяводства атрымаў фінансаванне ў памеры 26 мільёнаў злотых – гэта вельмі вялікая сума. Мінулагодні каштарыс склаў 58 мільёнаў злотых. Раней самаўрад ваяводства папярэдне паведаміў, што ў наступным годзе выдаткуе 55, 5 мільёнаў злотых. Мы маем ужо вялікую суму, дзякуючы якой на пачатку наступнага года зможам пачаць працу.

Рэалізацыя інвестыцыі распачнецца ў першай палове 2021 года. Але гэта не значыць, што тэатр закрываецца для гледачоў. Спектаклі плануецца паказваць на іншых пляцоўках Беластока, між іншым у гарнізонным доме культуры і ў кіно Ton.

Беларускае Радыё Рацыя