У Беластоку ў красавіку пакажуць “Раскіданае гняздо” і “Адвечную песню”
Беластоцкі драматычны тэатр пашырае супрацоўніцтва з Усходам. Размова ідзе тут не толькі пра ўмацаванне супрацы з Беларусcю, але таксама развіццё кантактаў з такімі краінамі, як Малдова.
На думку дырэктаркі Беластоцкага драматычнага тэатра Агнешкі Карыткоўскай, праекты на бягучы, 2015 год, паўставалі з мэтай стварэння супольнай і шматгадовай культурнай супрацы.
– Вельмі важна ў складанай палітычнай сітуацыі ініцыяваць доўгатэрміновы працэс, каб рэагаваць на тое, што адбываецца. Спадзяемся, што праекты звязаныя з культурай і мастацтвам будуць развівацца надлалей.
Дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры, магчымы будзе абмен паміж Беластоцкім драматычным тэатрам і тэатрамі з Менска і Гародні.
Ужо ў палове траўня на сцэне менскага Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пабачым спектакль “Эмігранты”. У Беластоку ў красавіку пакажуць “Раскіданае гняздо” і “Адвечную песню”. Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Беластоцкі драматычны тэатр запрашае 27-га сакавіка на прэм’еру году. У Міжнародны дзень тэатра адбудзецца прэм’ера аднаго з найбольш чаканых спектакляў сёлетняга сезону – «Сонька» паводле твору аўтара беларускага паходжання Ігнацыя Карповіча.
Рэжысёр спектаклю – дырэктарка тэатра Агнешка Карыткоўская-Мазур. Сярод акцёраў – запрошаныя з Беларусі Святлана Анікей і Алесь Малчанаў.
«Сонька» – гэта гісторыя беларускай дзяўчыны, якая падчас акупацыі Другой Сусветнай вайны закахалася ў гітлераўскага афіцэра.
* * *
Беларускія тэмы чарговы раз прагучаць з памосткаў Беластоцкага тэатра імя Аляксандра Венгеркі. У новым, 2015 годзе ў тэатры рыхтуецца шэраг прэм’ераў з беларускімі акцэнтамі – кажа дырэктар і рэжысёр установы Агнешка Карыткоўская-Мазур.
Першы, вельмі чаканы праект – сцэнізацыя твора вядомага пісьменіка Ігнацыя Карповіча – “Сонька”
– Гэта гісторыя беларускай дзяўчыны, якая ў часу акупацыі падчас Другой Сусветнай вайны закахалася ў гітлераўскага афіцэра.
Наступны праект – не меньш важны. Своеасаблівы працяг “Антыгоны”, дзе тэатр распавядаў пра лёсы беларусаў Падляшша, што апынуліся на мяжы двух дзяржаваў – польскай і савецкай.
Працягвае рэжысёр Агнешка Карыткоўская-Мазур.
– У чарговым праектах гаворка пойдзе пра лесы бежанцаў пачатку мінулага стагоддзя.
Разам з спектаклем “Антыгона”, які драматычны тэатр у Беластоку прызентаваў у мінулым годзе – чарговыя спектаклі на тэму бежанства складуць тэатральны трыпціх пра лёсы беларусаў на Падляшшы.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя