Беластоцкі драмтэатр рыхтуецца да гастроляў у Арменію
Творчыя планы будуюцца з разлікам на тое, што ўвосень скончыцца пандэмія. У новым тэатральным сезоне Беластоцкі драматычны тэатр імя Аляксандра Венгеркі – рыхтуецца да гастроляў у Арменію.
А творчыя стасункі з гэтай краінай усталяваліся падчас фестывалю «Напрамак Усход», які ўвосень праходзіць у Беластоку. На гэты праект установа атрымала чарговае дафінансаванне ад Міністэрства культуры, нацыянальнай спадчыны і спорту Польшчы. Падрабязнасці паведаміў дырэктар мясцовага тэатра Пётр Паўторак:
– Гэта стары і адначасна новы праект, бо кожны раз у новым месцы. Мы змаглі знайсці грошы на гастролі ў Арменію. Гэтай праграмай мы карысталіся ў мінулыя гады, былі мы ў Малдове і ва Украіне. Гэта будзе цалкам новая праграма, бо ў Арменіі мы не былі яшчэ. Мы ў мінулым годзе наладзілі кантакты падчас фестывалю «Напрамак Усход».
На фестываль «Напрамак Усход», які дарэчы пройдзе ужо 5 раз – тэатр таксама атрымаў дафінансаванне з фонду міністэрства. Ён пройдзе ўвосень. Зараз ў тэатры рыхтуюцца да рамонту, які павінны распачацца ў чэрвені. Пляцоўка па-ранейшаму не даступная для гледачоў з-за каронавірусных абмежаванняў, паводле планаў польскага ураду – установы культуры змогуць адкрыцца для наведвальнікаў з 29 траўня.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота: e-teatr.pl