Беластоцкі драмтэатр стварае электронны архіў
Беластоцкі драматычны тэатр імя Аляксандра Венгеркі працягвае рэалізоўваць сваё праекты.
Творчая пляцоўка атрымала фінансаванне на 6 праектаў, сярод якіх – стварэнне электроннага архіва. Гэта ўжо трэці этап праекту, які ў тэатры пачалі рэалізоўваць два гады таму, паведамляе дырэктар тэатра імя Аляксандра Венгеркі – Пётр Паўторак:
– Аблічбоўка архіву, працяг праекту, які пачаўся два гады таму. Зараз трэці этап гэтага праекту. Архівуем, аблічбоўваем тое, што знаходзіцца ў тэатры ў папяровай версіі: старыя праграмы, тэатральныя брашуры. Гэта ўсё з гістарычнага пункту гледжання ідэнтычнасці гэтай установы вельмі важна.
Далей працягваюцца працы, ствараецца электронны архіў тэатра, хаця ўжо зроблена нямала, кажа каардынатар праекту Марыуш Казлоўскі. Больш за тое, у гэтым архіве знойдзем унікальныя экспанаты.
– Аблічбавалі 5070 аб’ектаў, што дало нам лічбу 6194 сканаў, якія ўжо дасяжныя на старонцы archiwum.dramatyczny.pl. Мы заахвочваем да наведвання гэтай старонкі. Таксама нам удалося знайсці матэрыялы да ўтварэння тэатру, у тым ліку з прыватных архіваў сям’і Венгеркаў.
Электронны архіў і ўсе яго матэрыялы даступныя на адмысловай старонцы на сайце драматычнага тэатра. Там перакананыя, што гэтыя матэрыялы цікавыя не толькі даследчыкам тэатральнай культуры але і аматарам тэатра.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота theatre-architecture.eu