Беластоцкі медуніверсітэт і гарадзенскія бальніцы наладжваюць супрацу
Умацоўваюцца сувязі паміж Медыцынскім універсітэтам у Беластоку і Гарадзенскімі бальніцамі. Улады ўніверсітэта і Гарадзенскага аблвыканкама падпісалі ў Беластоку пагадненне пра двухбаковае супрацоўніцтва. Дамова прадугледжвае абмен новымі метадамі лячэння, стажыроўкі студэнтаў і працаўнікоў бальніц, а таксама арганізацыю супольных канферэнцый, — кажа дырэктар Упраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак:
— Наша мэта — атрымаць магчымасць прыехаць у Беласток, паглядзець, што новага ўводзяць нашы калегі, абмяняцца досведам, прапанаваць сваё бачанне лячэння розных пацыентаў, правядзення аперацыі, запрасіць іх да сябе, у нашы вядучыя клінікі, каб паказаць, што ўмеем рабіць мы.
“Падпісанне пагаднення паміж Беластоцкім медыцынскім універсітэтам і Гарадзенскімі бальніцамі — важнае з увагі на трансгранічныя конкурсы”, — лічыць Андрэй Стрыжак. У межах трансгранічнай праграмы Польшча-Беларусь-Украіна, шэсць беластоцкіх і шэсць гарадзенскіх бальніц падалі супольныя праекты на пакупку новага медыцынскага абсталявання.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Dorota Mariańska, bialystokonline.pl