Беластоцкі мурал “Вытканыя шматкультурнасцю” апаганілі свастыкай
“Мы катэгарычна супраць праяваў ксенафобіі і расізму ў гарадской прасторы Беластока”. Радныя горада прынялі пастанову ў сувязі з апошнім выпадкам замалявання на адным з беластоцкіх муралаў габрэйскага сімвала меноры свастыкай. Сімволіка, якой карыстаюцца ультраправыя, ўзнікла на мурале па вуліцы Пілсудскага ў пятніцу ўначы або ў суботу раніцой.
Фота poranny.pl
Пастанову прынялі ўсе клубы ў гарадской радзе, кажа Сцяпан Нікіцюк з Форума падляшскіх меншасцяў.
– Я лічу, што так не павінна быць. Можа з’явіцца, як калісьці, інфармацыя пра праваслаўных, і таксама намалююць свастыку ці якія-небудзь надпісы. Я за тое, каб разабрацца, знайсці вінаватых і пакараць.
Мурал “Вытканыя шматкультурнасцю” ўзнік у 2015 годзе. Ён уяўляе сабой пераплеценыя рознаколерныя ніткі, словы ў розных мовах, словы з падляшскіх хатаў, выцінанку і менору. Мурал выканалі ўдзельнікі майстар-класаў Дарыюша Пачкоўскага ў межах праекта “Мова кахання” фонда Клямра.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя