Беластоцкі тэатр Венгеркі завершыў чарговы тэатральны сезон



Акцёры ідуць адпачываць. Беластоцкі драматычны тэатр імя Аляксандра Венгеркі завершыў чарговы тэатральны сезон. У тэатры развітваюцца з гледачамі да восені і падсумоўваюць сезон.

Які быў удалым, – кажа дырэктар тэатра Пётр Паўторак і прыводзіць канкрэтныя лічбы. За апошнія 10 месяцаў акцёры сыгралі 302 спектаклі, іх паглядзелі 63 210 чалавек. У тэатры таксама прайшло 6 тэатральных прэм’ер.

– Мы сыгралі каля 300 спектакляў, калі дакладна 302. Гэта крыху больш чым у мінулым сезоне. Таксама крыху вырасла лічба гледачоў. Адбылося шэсць прэм’ер.

Сярод значных падзеяў сезону дырэктар беластоцкага тэатру выдзяляе – трансляцыю на Польскім тэлебачанні спектакля «Папялушка». Таксама да 80-годдзя, калі збудавалі будынак тэатру, – тут стварылі лічбавы гістарычны архіў і выдалі кнігу „Некалькі выяваў беластоцкага тэатру», дзе сабраныя дакументы, фотаздымкі і сведчанні акцёраў тэатру. А таксама – тэатральныя фестывалі, – кажа Пётр Паўторак.

– Атрымалі шэраг запрашэнняў на фестывалі. Маем запрашэнне і на фестываль у Беларусь. А яшчэ варта рабіць стрыт-арыстычныя спектаклі, хоць яны і не збіраюць столькі гледачоў, як напрыклад, спектакль «Хобіт».

І канешне, фестываль «Напрамак Усход», у мінулым годзе ён прайшоў выдатна. А восенню ў новым сезоне, як кажуць у тэатры, – рыхтуюцца з большым размахам. Ужо вядома, што з Беларусі прыедуць артысты – нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Таксама будуць артысты з Украіны, Расеі і Грузіі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя