Беластоцкія беларусы сустрэліся з консулам Літвы



На чарговы дыскусійны клуб „АБ-БА”, аб’яднанне бацькоў, чые дзеці вывучаюць беларускую мову ў Беластоку, завітала консул Літвы ў Сейнах Ізольда Брыкаўскене. Гутарылі пра беларусаў і літоўцаў – блізкіх і незнаёмых суседзяў. Прагучала ідэя пра супрацоўніцтва і стварэнне супольных праектаў паміж беларусамі і літоўцамі, які жывуць на Падляшшы.

Кажа консул Літвы ў Сейнах Ізольда Брыкаўскене:

– Файна штосьці зрабіць разам, бо разам заўсёды можна зрабіць больш. У якім кірунку, то гэта залежыць ад фантазіі. Гэта можа быць супольная гісторыя, што вельмі цікава. Можна зарганізаваць сустрэчу прысвечаную гісторыі, гэта можа быць нейкая культурніцкая падзея.

Раней „АБ-БА” таксама супрацоўнічала з арганізацыямі літоўскай нацменшасці ў Польшчы. Падчас сустрэчы ў дыскусійным клубе прыгадалі праект „Вялікае Княства Літоўскае – наша супольная спадчына”, калі беларускія і літоўскія дзеці супольна праводзілі час і адукоўваліся.

Беларускае Радыё Рацыя