Новыя ідэі інфраструктуры Аўгустоўскага канала
Ёсць планы разбудовы турыстычнай інфраструктуры польскай часткі Аўгустоўскага канала. Студэнты Беластоцкага політэхнічнага інстытута ў межах заняткаў стварылі праекты турыстычнага порта на шлюзе на польска-беларускай мяжы Рудаўка-Лясная. Працы студэнтаў можна паглядзець у Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку. З моманту ўвядзення бязвізавага рэжыму з Беларуссю Аўгустоўскі канал цешыцца штораз большай папулярнасцю сярод турыстаў, кажа дырэктар Падляшскай рэгіянальнай турыстычнай арганізацыі Малгажата Маслоўска.
– Зараз вельмі моцна папулярызуем прызначэнне Аўгустоўскага канала, таму сама тэматыка выставы выдатна ўпісваецца ў нашу дзейнасць. Праекты вельмі добрыя. Думаю, калі б наша ваколіца ўзбагацілася такой інфраструктурай, то турыстычны рух напэўна быў бы штораз большы.
У траўні і чэрвені з пераходу Рудаўка–Лясная на Аўгустоўскім канале скарыстала амаль 1000 турыстаў. Ідуць перамовы польскіх і беларускіх мясцовых уладаў, каб стварыць транспамежны веласіпедны шлях August Velo. Шлях меў бы перасякаць мяжу на пераходзе Рудаўка–Лясная на Аўгустоўскім канале і весці да мяжы з Літвою ў Прывалцы.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота аўтара