Беластоцкія ўлады змянілі ўмовы набору для ахвотных вывучаць беларускую мову
Беластоцкія ўлады змянілі ўмовы набору ахвотных вывучаць беларускую мову дзяцей у пачатковую школу нумар 4. Летась з-за сістэмных праблемаў з наборам першакласнікаў частка дзяцей ахвотных вывучаць беларускую мову не трапілі пры першы наборы ў адзіную пачатковую школу з беларускай мовай у Беластоку.
У гэтым годзе ў пунктацыйнай сістэме набору дэкларацыя вывучаць беларускую мову ацэненая максімальнай колькасцю пунктаў, кажа дырэктар Беластоцкай пачатковай школы № 4 Збігнеў Клімовіч.
– У мінулым годзе мы мелі сітуацыю, якую цяжка было прадбачыць, калі некаторым вучням не хапіла некалькі пунктаў. А мы хацелі зрабіць так, каб кожнае дзіця, якое хоча вывучаць беларускую мову мела такую магчымасць, І ў нас гэта атрымалася. Усе дзеці, якія пажадаюць вывучаць беларускую мову, будуць прынятыя.
Другі год запар у Беластоку дзейнічае сістэма электроннага набору ў пачатковыя школы, паводле якой пры падачы заявы кожны першакласнік у залежнасці ад месца жыхарства, сацыяльнага становішча і іншых чыннікаў атрымлівае пэўную колькасць пунктаў.
Асобы з найбольшай колькасцю пунктаў прымаюцца ў тыя ці іншыя абраныя бацькамі школы. Набор у пачатковыя школы трывае з 16 сакавіка па 17 красавіка вынікі першага набору будуць вядомыя пры канцы красавіка.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя