Белавежа запрашае на ХІІІ “Пэрэточэ”
Пасля некаторых засталіся толькі сляды, іншыя надалей жывыя. Культуры рэгіёна Белавежскай пушчы ўжо 13 раз запрэзентуюць у час Белавежскіх мастацкіх інтэграцый “Пэрэточэ” (“Рeretocze”). Пра мерапрыемства з адным з арганізатараў – Мікалаем Бушко – размаўляе Радэк Дамброўскі.
РР: 13-ыя Белавежскія мастацкія інтэграцыі “Пэрэточэ”. 13 гадоў мерапрыемству. І, відаць, патэнцыял і ідэя інтэграцыі яшчэ не вычарпана?
Мікалай Бушко: Думаю, не. Яшчэ ёсць што і каму прэзентаваць. Калі я вярнуўся з Белавежы, то да мяне падышоў мужчына і сказаў, што рады мяне бачыць, што ён заўсёды прыязджае на “Пэрэточэ”. Я запытаўся, адкуль ён. Аказалася, што з Кельцаў. Гэта яшчэ раз паказвае, што ёсць для каго прэзентаваць шматкультурнасць, што ідэя, запачаткаваная намі 13 гадоў таму, спраўдзілася. І на яе ёсць вялікі попыт.
РР: “Пэрэточэ” прэзентуе перад усім музыку. І калі кажам пра шматкультурнасць нават у нашым рэгіёне, то звычайна думаем: беларусы, палякі, габрэі (якіх ужо няма), расейцы, украінцы… Але насамрэч больш культур прэзентуе “Пэрэточэ”.
Мікалай Бушко: Арганізатар – фонд “Царкоўная музыка”, які існуе больш за 19 гадоў, – прэзентуе шматкультурнасць цягам многіх гадоў у 2 напрамках. Гэта духоўная шматкультурнасць, і тут я маю на ўвазе Белавежскія дні духоўнай музыкі, і свецкая шматкультурнасць – гэта “Пэрэточэ”.
Здаецца, што ў нашым рэгіёне гэта перад усім беларусы і палякі, але калі глянуць у гісторыю, то шмат было народаў, нацыянальнасцяў.
Стараемся, каб кожны год былі цікавыя прадстаўнікі гэтых народаў, якія прэзентуюць не толькі песні, але і танцы. Прэзентуем нашы народныя таленты. Напрыклад, дуэт з Козлікаў, Люба Гаўрылюк і яе дачка, калектыў з Макаўкі, “Хутар” з Гарадка, бельская “Маланка”. Гэта натуральныя абсалютныя мастакі нашага рэгіёна і нашай культуры. І наш абавязак – паказаць іх людзям, пахваліцца імі.
РР: Прэзентацыя беларускай культуры даволі моцная ў межах гэтай праграмы. І беларускі калектыў “Белыя росы” з Гародні нават завершыць мерапрыемства.
Мікалай Бушко: Я думаю, гэта вышыня з вышыні. Гэта калектыў, які таксама варта прэзентаваць для шматлікай, нават міжнароднай публікі.
Хачу адзначыць, што ідэя нашага мерапрыемства, сярод іншых, – паказаць тое, што часам мы не заўважаем.
РР: А калі складаеце праграму для “Пэрэточэ”, ідэйна пра што больш за ўсё думаеце? Пра публіку, якая прыязджае, напрыклад, з Кельцаў, каб данесці ім, што тут такая шматкультурнасць, каб вестка пра гэта пайшла шырэй у Польшчу, у свет. Ці пра адукацыйную ролю, каб нагадаць мясцовым пра каларыт і багацце, якое доўга існавала і надалей застаецца.
Мікалай Бушко: Для нас важна і адно, і другое. Важна і захаванне нашай мовы. Важна, што моладзь бярэ удзел у гэтым, што адукацыйны элемент гэтага мерапрыемства даходзіць да будучыні нашай нацыі, нашага народа.
Імпрэза пачынанцца сёння праездам конных брычак праз Белавежу, а канцэрты ў амфітэатры ля ўваходу ў парк пройдуць сёння і заўтра, пачатак а 18-й гадзіне.
Гутарыў Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота poranny.pl