Белавежу сёлета наведала менш турыстаў



Скандал вакол высечкі лесу на польскім баку Белавежскай пушчы ўплывае на колькасць турыстаў. Пра меншую плынь наведвальнікаў у параўнанні з мінулым годам нашаму радыё расказала ўласніца адной з кавярняў Белавежы Ада Залеўская, якая звязала адток людзей менавіта з экалагічнымі падзеямі. Насцярожанасць турыстаў заўважылі і ў самім Нацыянальным парку. Супрацоўніца турыстычнага аддзела пры белавежскім Музеі прыроды і лесу Ганна Герасімюк канстатуе:

– Вядома, усё, што зараз адбываецца ў медыя, не ёсць без значэння. Калі казаць пра турыстычны рух, то мае пасведчанні тэлефанаванняў: турысты пытаюцца, ці ёсць магчымасць пабачыць пушчу, ці не цалкам яна закрытая. Нас цешыць тое, што ўся гэтая сітуацыя не тычыцца Белавежскага Нацыянальнага парку – тут не вырубаюць ніякіх дрэваў.

Скандальныя высечкі паедзеных караедам дрэваў праводзяцца за межамі Нацыянальнага парку, на тэрыторыі Белавежскай пушчы, падуладнай лясной гаспадарцы “Дзяржаўныя лясы”. Тым не менш сітуацыя сур’ёзна непакоіць эколагаў, на думку якіх, ведамства знайшло зручную прычыну для гандлю драўнінай і сваімі дзеяннямі ставіць пад удар статус сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, які Белавежская пушча носіць з 2014 года.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя