З бел-чырвона-белымі сцягамі ў Бельску пахавалі паэтку Надзею Артымовіч
З бел-чырвона-белымі сцягамі і беларускімі нацыянальнымі сімваламі, з чорнымі стужкамі, сябры і сям’я правялі сёння ў апошні шлях беларускую паэтку з Падляшша – Надзею Артымовіч. Тут на старых могілках у яе родным Бельску-Падляшскім будзе яна спачываць ў вечнасці.
Пахаванне з нацыянальнымі беларускімі сцягамі з’ява не штодзённая, кажуць сябры паэткі – Лявон Тарасэвіч, Яўген Вапа і Валя Швед:
-Гэтыя самыя сцягі, якія былі зробленыя тады, калі памёр Сакрат Яновіч. Мы з імі былі ва ўніяцкай царкве, як хавалі Юрку Туронка. Кожны з вялікіх мусіць годна быць ушанаваны. Беларускія сцягі на нашых магілах – гэта не маніфестацыя. Гэта проста годнасць. Надзя – наша Ларыса Геніюш. Яна была найбольшая з нас у беларускім слове. Кожны зрабіў сваё – Надзя таксама.
-Надзя Артымовіч, думаю, была б шчаслівая, бо для яе беларускае слова, беларуская незалежнасць, перажыванне за Беларусь, за дэмакратыю і за наш лёс на Беларусі быў ейным болем. Дзякуй Богу, што Надзя знайшла спачын ля сваіх бацькоў.
-Паэты не паміраюць. Паэты жывуць вечна. Няма ў іх дня смерці. Праўда? Ёсць толькі дзень нараджэння...
Раней з бел-чырвона-белямі сцягамі былі пахаваныя пісьменнік Сакрат Яновіч, аўтар гістарычных кніжак і грамадскі дзеяч Юрка Туронак. Сёння з такой жа пашанай пахавалі самую знакамітую беларускую паэтку з Падляшша Надзею Артымовіч. Вечная памяць.
* * *
Паніхіда па паэтцы Надзеі Артымовіч прайшла ў Міхайлаўскай царкве Бельска-Падляшскага.
Кажуць блізкія і сябры паэткі:
-Завяршаецца нейкі час у Бельску. Адыходзіць свет з Надзяй, з яе паэзіяй. Свет майго дзяцінства, маленства. Калісь сустракаліся на кватэры ў Марылькі Базылюк. Пасля ў Надзі. Нас была грамада, у Бельску было беларускае асяроддзе. Мала таго, не адно асяроддзе! Мы з Надзяю ведаліся гадоў 30 – 40. Надзя да ўсіх ставілася вельмі ветліва.
-Любіла кампанію. Заўсёды гаварыла, што яна мае суперфігуру. Прыгожая. Вельмі добрыя валасы. Была для нас дамай такой.
Надзея Артымовіч адыйшла ў вечнасць на 78-м годзе жыцця ранкам 3-га кастрычніка. 5-га кастрычніка а 8-й раніцы прайшла літургія, пасля – апошняе адпяванне.
Пахавалі Надзею Артымовіч на праваслаўных могілках ў яе родным Бельску.
Беларускае Радыё Рацыя