Бельская “Тройка” атрымала свой штандар
Пачатковая школа №3 з дадатковым вывучэннем беларускай мовы імя Яраслава Кастыцэвіча ў Бельску-Падляшскім атрымала штандар.
На аверсе штандару – Яраслаў Кастыцэвіч і назва школы на польскай і беларускай мовах. Кажа дырэктарка школы Яанна Каліноўская:
– Штандар – гэта сімвал школы, які аб’ядноўвае школьную супольнасць, а гэта вучні, настаўнікі, бацькі і ўлады горада. І таму мы стараліся, каб штандар быў. Усе школы маюць штандар.
Да сёння “Тройка” заставалася адзінай пачатковай школай у горадзе без штандару.
Калі кіраўніцтва школы ўзначаліла спадарыня Каліноўская, яна пастаралася, каб школа атрымала такі штандар, – узгадвае старшыня Грамадскага камітэта ахвяравання штандара школе Ірэна Яблушэўская:
– У „Тройцы” заўсёды ўсё было добра. Нам здавалася, што мы найлепшая школа. Бо ў нас і конкурсы, і ансамбль, і спорт выдатны, і навука. А прыйшла пані дырэктарка, якая не вучылася ў нашай школе, і яна нам падказала, што ёсць штосьці, чаго ў нашай школе няма – няма штандару. І ў нас атрымалася.
У 2015 “Тройка” адсвяткавала 50-гадовы юбілей працы.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя