Бельскі беларускі ліцэй святкуе юбілей (абноўлена)



Урачыстай прысягай першакласнікаў, віншаваннямі і ўспамінамі сустрэў свой 70-гадовы юбілей Бельскі беларускі ліцэй. Сённяшні ліцэй адрозніваецца ад таго, які ствараўся намаганнямі бацькоў і беларускай супольнасці Бельска ў 1944 годзе, – адзначае сённяшні дырэктар установы Андрэй Сцепанюк. Цяпер у школе не выкладаюць усіх прадметаў па-беларуску, але ліцэй захаваў нешта больш важнае – а менавіта – беларускасць:

– Думаю, што застаецца доўг. Гэта часта не важна, ці ўсе ведаюць дасканала мову. Важна, што адчуваюць сябе ўсё ж такі, няхай гэта будзе, польскімі беларусамі. Што многія з гэтых маладых людзей будуць вяртацца ў гэтую школу, бо будуць прыязджаць на з’езды выпускнікоў. Не простая гэтая наша беларускасць тут. Але трэба яе шанаваць. І гэтыя маладыя людзі, якія прыйшлі, сведчаць аб тым, што ўсё ж такі варта яшчэ трываць, рабіць штосці для беларускасці. Гэта нашае жыццё.

Бельскі агульнаадукацыйны ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча разам з Ліцэем у Гайнаўцы, і беларускай сярэдняй школай у Вільні, – адна з трох беларускіх сярэдніх школаў у замежжы. За 70 гадоў ліцэй выпусціў больш за пяць тысяч выпускнікоў.

* * *

Сёння ў другім агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляшскім праходзяць юбілейныя ўрачыстасці. За гэты час ліцэй стаў важным элементам жыцця не толькі беларусаў Бельшчыны, але і ўсёй мясцовай грамады, як адзначыў Падляшскі ваявода Мацей Жыўна.

Zywno

–     Гэты ліцэй – важны кампанент у адукацыі моладзі не толькі нацыянальнай меншасці, але і польскай моладзі, якая таксама з задавальненнем ходзіць у гэтую школу, бо ведае пра ўзровень навучання там. Я перадусім з гэтага цешуся. І з нагоды іх 70-годдзя хачу падзякаваць за ўсе гэтыя гады працы.

Бельскі беларускі ліцэй пачаў сваю працу ў 1944 годзе дзякуючы намаганням бацькоў і мясцовага беларускага асяроддзя. Цягам апошніх гадоў ліцэй займае высокія месцы ў агульнапольскіх рэйтынгах сярэдніх школ і з’яўляецца адной з найлепшых сярэдніх школ на Падляшшы.

[Not a valid template]

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Давіда Гайко