«Бельскія мастацкія кліматы»



Паказаць шматкультурнасць ды шматнацыянальнасць Бельска Падляшскага праз дзейнасць Бельскага дома культуры – гэта галоўная ідэя мерапрыемства «Бельскія мастацкія кліматы».

У Доме культуры ў час адмысловага канцэрту паказалі сябе калектывы, якія дзейнічаюць пры гэтай установе. Тут аж тры калектывы беларускай песні – «Куранты», «Васілёчкі» ды «Маланка». Музычны кіраўнік гэтага апошняга ды адначасова былы шматгадовы дырэктар Бельскага дома культуры Сяргей Лукашук быў узнагароджаны прызам «Сябар Бельскага дом культуры»:

—Я надалей з’яўляюся тым сябрам дома культуры, бо вяду калектыў Бельскага дома культуры «Маланку». Сюды прыходжу вельмі часта і спадарыня дырэктар вельмі міла прымае мяне, працаўнікі таксама надалей называюць мяне дырэктарам. Думаю, ужо да канца майго жыцця так застанецца.  

Званне “Сябра Бельскага дома культуры” трапіла таксама да войт гміны Бельск Падляшскі Раісы Раецкай ды Дарафея Фіёніка – дырэктара Музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах. У мерапрыемстве прысутнічала дэлегацыя з Кобрынскага палаца Культуры.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара