Бельскія вучні паказалі веданне мовы ў Магілёве



Дыпломы і адзначэнні атрымалі вучні з Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляшскім, якія прымалі ўдзел у Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, якая прайшла ў Магілёве.

Юлія Банькоўска, Аляксандра Зінкевіч і Міхал Казлоўскі паказалі свае веды па беларускай мове і літаратуры, гаворыць настаўніца беларускай мовы доктар Анна Дэмьянюк

– Гэта быў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах беларуская мова і беларуская літаратура. Гэта для нас усіх, і для вучняў, і для мяне гэта была першая паездка ў Магілёў і першая на рэспубліканскую алімпіяду. Там былі лепшыя з лепшых, як было сказана. Мне вельмі падабалася тое, што гэтыя настаўнікі і вучні размаўлялі паміж сабой на беларускай мове. Нашыя вучні адказвалі і пісалі, як усе. У канцы на ўрачыстым падсумаванні ўсе атрымалі дыпломы.

У гэтым годзе ўдзельнікі з Польшчы прымалі ўдзел у рэспубліканскай алімпіядзе на конкурснай аснове. Найбольшую колькасць балаў – 50 са 100 магчымых, атрымала Юлія Банькоўска.

На фота: каравай, якім Магілёў вітаў удзельнікаў Алімпіяды.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя