“Берасце над Бугам. Падарожжа ў часе. 1919-1939”



Архітэктар і даследчык з Менску Андрэй Далгоўскі сабраў каля 200 унікальных фотаздымкаў з жыцця міжваеннага Берасця.

Альбом ужо некалькі месяцаў паспяхова прадаецца ў польскіх кнігарнях ды прыцягнуў увагу палякаў, продкі якіх да вайны жылі на Берасцейшчыне. Цяпер у гістарачным музеі падваршаўскага Легіянова адкрылася фотавыстава.

Асаблівая ўвага ў каталогу нададзена Берасцейскай крэпасці і вайсковай хроніцы, ёсць там таксама здымкі са штодзённага жыцця горада. Выстава, якая адкрылася ў Легіянове, называецца “Берасце над Бугам. Падарожжа ў часе. 1919-1939”, і гэта назва цалкам сябе апраўдвае, гаворыць Андрэй Далгоўскі:

– Увесь пазнейшы перыяд Другой Рэчы Паспалітай у Берасці непасрэдна звязаны з Беларуссю, бо напрыклад, пры мабілізацыі 1939 года вельмі шмат мясцовых жыхароў трапілі ў Польскае войска, яны першыя сустрэлі гэтую агрэсію. Яны ваявалі ў Польскім войску, але былі беларусамі, мясцовымі.

На думку даследчыка, гісторыя міжваеннага Берасця малавядомая ў Беларусі, у той жа час, гэты прамежак часу быў дастаткова цікавы:

– На мой погляд, як архітэктара, гэта быў такі перыяд менавіта развіцця горада, і перыяд, калі ўлады ўпершыню ў найноўшым часе задумаліся пра звычайных жыхароў, пра ўпарадкаванне. Была распрацавана добрая канцэпцыя планіроўкі. Берасце планавалася як зялёны горад, горад для жыцця. На жаль, не ўсё з гэтага ажыццявілася, але вельмі многія тагачасныя пабудовы – гэта каштоўнасць для сучаснай Беларусі.  Гэта і адміністрацыйная забудова на вуліцы Леніна (у той час – Люблінскай Уніі), і адзін з найцікавешых аб’ектаў – будынак банка, які і цяпер выкарыстоўваецца згодна з прызначэннем, гэта і вельмі цікавыя калоніі для супрацоўнікаў, на сучаснай вуліцы Леванеўскага.

Дырэктар гістарычнага музея ў Легіянове Яцэк Шчэпаньскі ў сваім выступе на адкрыцці пахваліў працу беларускага даследчыка і ўзгадаў, што Легіянова таксама мае непасрэдную сувязь з Берасцем, бо непадалёк ад горада знаходзіцца Модлінская крэпасць – блізнюк Берасцейскай:

– Я ўпершыню бачу выставу, якая паказвае цэласць – і вайсковую гісторыю, і архітэктуру з міжваеннага перыяду. Мне падаецца, што гэтая выстава, якую мы тут прадстаўляем у Легіянове, павінна быць паказана ў іншых гарадах Польшчы.

Адзін з госцяў музею Эразм Даманьскі распавёў, што лёс яго сям’і быў шчыльна звязаны з Піншчынай, і ён вельмі хацеў бы з’ездзіць на Палессе, але яго спыняе візавы рэжым:

– Мой бацька Казімеж Даманьскі быў лесніком у мясцовасці Марочна, каля Пінска. Ён не паходзіў з той тэрыторыі, быў чыноўнікам, які туды прыехаў. Сам ён быў з Жырахава – з-пад Варшавы. Ён скончыў Лясную школу ў Белавежы, і пасля прыбываў сярод беларусаў. Часам нават мог заспяваць нейкія беларускія песні, але таксама, калі было сямейнае свята, то мы спявалі перадваенны хіт “Палесся чар”.

Сярод наведвальнікаў выставы апынулася Марыя Урацлаўская, якая распазнала на здымках сваіх родных. Сама спадарыня Марыя нарадзілася ўжо ў польскім горадзе Серадз, цяпер жыве ў Лодзі, але яе продкі паходзяць з Беларусі:

– На адным са здымкаў я пазнала бабулю Яніну Мілевіч, яе сястру Рэгіну Дмоўскую і яе мужа – Леапольда Дмоўскага, які быў прэзідэнтам Берасця пэўны час. На другім здымку ёсць брат майго дзядзькі лекар Зыгмунт Мілевіч, а на трэцім здымку – дачка Рэгіны і Леапольда Дмоўскіх – Ірэна.

Перад вайной мой дзядзька Уладыслаў Мілевіч быў дырэктарам шпіталя ў Берасці і сенатарам апошняй кадэнцыі ад Палескага ваяводства.

17 верасня 1939 года дзядзька, бабуля і маці выйшлі з Берасця і перайшлі на іншы бок Бугу. Яны дзякуюць за гэта мужу пацыенткі дзядзькі, які папярэдзіў, што дзядзьку, як сенатара і дырэктара шпіталя хочуць вывезці ў ссылку.

Другі справа ў верхнім шэрагу – Леапольд Дмоўскі. Прэзідэнт Берасця ў 1922-1927 гадах.

Марыя Урацлаўская наведвала Берасце двойчы – першы раз у 1989 годзе (роўна 50 гадоў пасля ўцёкаў), потым – у 2007. Дом ейнай сям’і, які знаходзіўся на вуліцы Баторыя 28, дагэтуль цэлы, але магілаў прадзедаў знайсці не ўдалося – могілкі былі знішчаныя, а мясцовы пробашч сказаў, што ніякіх кнігаў не захавалася. Пагалоска, пра магчымае ўвядзенне бязвізавага рэжыму для памежнага горада вельмі ўсцешыла спадарыню Марыю. “Як толькі адменяць – сядаю ў цягнік і еду ў Берасце!”

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара