Бежанства 1915 – супольная гісторыя
“Бежанства 1915 – супольная гісторыя” – выстава архіўных фотаздымкаў, прымеркавана да сотай гадавіны бежанства адкрыецца ў Беластоку. Бежанства закранула тэрыторыю Падляшша, Холмшчыны, Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны. Фотаздымкі атрыманыя, дзякуючы прыватным архівам, сярод іх – унікальныя першыя каляровыя фотаздымкі таго перыяду аўтарства Сяргея Пракудзіна-Горскага. Выстава падрыхтаваная фондам князя Астрожскага – кажа старшыня фонду Ганна Радзюкевіч:
– Пакажам больш за 100 фотаздымкаў і дакументаў. Выстава падзелена на падраздзелы: перыяд перад бежанствам, вайна і бежанства. Бежанцы даязджалі да станцый Баранавічы, Менск, Ворша. Гэтая дарога была вельмі цяжкая. І з гэтага перыяду ёсць больш за ўсё фотаздымкаў.
Акрамя выставы, можна будзе паглядзець спектакль Анны Стэльмашук-Троц пра бежанства, выступіць таксама калектыў “Рада” з Менску з песнямі рэкрутаў пачатку 20-га стагоддзя.
Мерапрыемства, прымеркаванае да сотай гадавіны бежанства пройдзе ў пятніцу, восьмага траўня, а 17-й гадзіне ў Кінатэатры “Форум” у Беластоку.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота afisza.org