БГКТ не атрымала фінансавання на традыцыйныя мерапрыемствы
Беларускае культурна-грамадскае таварыства не атрымала фінансавання на некалькі сваіх традыцыйных мерапрыемстваў. Міністэрства адміністрацыі і лічбавізацыі Польшчы агучыла спіс датацый на дзейнасць дзеля захавання і развіцця культурнай тоеснасці і моваў нацыяльных ды этнічных меншасцяў. Старшыня БГКТ Янка Сычэўскі кажа, што тым не менш таварыства будзе шукаць іншыя крыніцы, каб усе запланаваныя на наступны год імпрэзы – адбыліся:
– Маем такую сітуацыю, што некаторыя мерапрыемствы недафінансоўваюцца ўжо цягам некалькіх гадоў, хоць мы іх праводзім, паколькі яны вельмі патрэбныя беларускай грамадскасці ў Польшчы. Мы стараемся атрымоўваць сродкі з іншых крыніц. Будзем шукаць сродкі, прыхільнікаў у самаўрадах, будзем старацца выратаваць гэтыя мерапрыемствы.
У прыватнасці, Беларускае грамадска-культурнае таварыства не атрымала датацый на правядзенне фестывалю “Культура без межаў – Сямятычы 2015”, на міжнародны фестываль беларускай і польскай песні “Беласток-Гародня”, на правядзенне беларускіх Дажынак і міжнароднай навуковай канферэнцыі “Шлях да ўзаемнасці”.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота grodnonews.by