БГТ і Камунікат рыхтуюць выставу „Наша памяць”



Беларускае гістарычнае таварыства і фонд Камунікат.org рыхтуюць выставу „Наша памяць”, якая прысвечана чарговай гадавіне злачынстваў здзейсненых у беларускіх вёсках Беласточчыны аддзелам польскага ўзброенага падполля Рамуальда Райса „Бурага”.

Плануецца, што адкрыццё выставы адбудзецца ў Залешанах у 73-ю гадавіну пацыфікацыі вёскі, гаворыць адзін з ініцыятараў праекта прафесар Алег Латышонак:

 – Паколькі гэта выстава на планшэтах, яна рухомая, то думаем, што будзем яе паказваць у іншых пацыфікаваных вёсках, а таксама ў гарадах. Хочам пазнаёміць з ёй жыхароў Бельска, Гайнаўкі і Беластока. Выстава рыхтуецца на трох мовах: беларускай, польскай і ангельскай. Можа хтосьці яшчэ ў Польшчы захоча паказаць у сябе гэту выставу.

Выстава „Наша памяць” – гэта вынік навуковай экспедыцыі актывістаў з Беларускага гістарычнага таварыства і фонда Камунікат.org, а таксама археолагаў, якія правялі рэгістрацыю помнікаў і пахаванняў ахвяраў рэйда „Бурага”.

Нагадаем, што толькі з 28 студзеня па 2 лютага 1946 года аддзелам Нацыянальнага вайсковага задзіночання пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса былі здзейснены напады на пяць беларускіх вёсак Беласточчыны. Тады загінула больш за 80 цывільных жыхароў, у ліку якіх былі жанчыны і дзеці.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя