БГТ ладзіць паездку па месцах злачынстваў „Бурага”
13-га жніўня Беларускае гістарычнае таварыства ладзіць паездку па месцах крывавага рэйду аддзела Рамуальда Райса „Бурага”, каб правесці рэгістрацыю стану помнікаў, якія былі створаны яшчэ ў часы Польскай Народнай Рэспублікі, з мэтай далейшага іх аднаўлення.
„Большасьць з гэтых помнікаў у дрэнным стане, неабходна іх рэстаўрацыя”, – кажа старшыня Беларускага гістарычнага таварыства прафесар Алег Латышонак:
– Хочам правесці рэгістрацыю помнікаў, а таксама ўсіх магілаў, каб гэта захаваць. Думаем пра выставу прысвечаную месцам, якія мы аб’едзем і зарэгіструем. Таксама думаем выдаць кнігу. Спадзяемся, што беларускае грамадства Беласточчыны нас у гэтым падтрымае. Плануем навуковую паездку, каб мець уяўленне пра фактычны стан, як гэта на сёння выглядае.
Помнікі памяці ахвяраў рэйду 3-й Віленскай брыгады Нарадовага вайсковага задзіночання былі ўсталяваныя ў 70-х гадах у вёсках: Залешаны, Краснае Сяло, Зане і Шпакі. Цягам пяці дзён з 28 студзеня да 2 лютага 1946 аддзел спаліў пяць беларускіх вёсак на Беласточчыне. Тады загінула каля 80-ці цывільных жыхароў, сярод якіх былі жанчыны і дзеці.
У 2005 годзе Інстытут нацыянальнай памяці кваліфікаваў дзеянні Рамуальда Райса „Бурага”, як злачынства з прыкметамі генацыду.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя