БГТ рыхтуецца да канферэнцыі з нагоды 100-годдзя БНР



Навуковая канферэнцыя, прымеркаваная да 100-годдзя БНР, – найважнейшая задача Беларускага гістарычнага таварыства на бліжэйшы год дзейнасці. У Беластоку прайшоў справаздачна-выбарчы сход сяброў таварыства, на якім чарговы раз на пасаду старшыні арганізацыі быў пераабраны прафесар Алег Латышонак:

– Усе нашыя думкі былі прысвечаныя таму, як ушанаваць стагоддзе БНР. Гэта для нас найважнейшае. Напэўна зробім канферэнцыю, бо пра гэта вельмі многа гаварылі на з’ездзе. Думаю, што тут ужо нашае меркаванне пераважала сярод сяброў, што трэба ўсё ж сваімі сіламі гэта зрабіць.

У Беларускім гістарычным выдавецтве ў гэтым годзе ўжо выйшла новая кніга пра беларусаў у Літоўскай рэспубліцы, а ў верасні чакаецца чарговае гістарычнае выданне пра маёнткі Радзівілаў у Арлянскай гміне. БГТ дзейнічае з 1993 года. Алег Латышонак узначальвае арганізацыю з 1996 года.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя