BiKeR з’явіцца ў Хорашчы
22-га красавіка адкрыецца першая роварная станцыя беластоцкай сістэмы BiKeR у Хорашчы, дзе з’явіцца 15 ровараў. Гэта будзе першы роварны пункт BiKeRa па-за Беластокам. Станцыя размесціцца на гарадской плошчы з боку касцёла.
Як адзначае бурмістр Хорашчы Роберт Вардзінскі, гэта першы, але не апошні роварны пункт у горадзе:
– Найперш ставім бліжэй да нашых роварных сцежак, побач з турыстычнымі месцамі, каб жыхары з Беластока маглі прыехаць, адпачыць і паехаць далей.
Роварная станцыі будзе каштаваць гміне Хорашч 60 тысяч злотых. BiKeR дзейнічае ў Беластоку з траўня мінулага года. Ад пачатку ў сістэме зарэгістравалася 30 тысяч чалавек, якія 400 тысяч разоў бралі ровары на пракат.
З 1-га чэрвеня беластоцкая сістэма гарадскіх ровараў пабольшыцца на 15 новых пунктаў і 150 ровараў. Гадзіна язды на ровары каштуе 1 злоты.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bialystok.naszemiasto.pl