„Біл”: Беларускія ваяры ва Украіне робяць вельмі важную справу



„Госць Рацыі” — былы ваяр батальону „Тэрор”, беларус Максім з пазыўным „Біл”.

Максім сабраў сумнае беларускае „комба” — ён былы палітзняволены, ваяр і двойчы ўцякач. Цяпер Максім чакае статусу дадатковай аховы і бежанства ў Польшчы.

З былым ваяром і палітвязнем гутарыць Алеся Вербаловіч.

РР: За што вас пераследвалі ў Беларусі і як вы змаглі з’ехаць?

У Беларусі мяне пераследавалі па 342 арт. ч.1, асудзілі на тры гады „хіміі”. Я там нават не з’явіўся, паспеў з’ехаць пасля суда, літаральна праз пару тыдняў. Так я апынуўся ва Украіне.

РР: З перасячэннем мяжы дапамаглі?

Так, дапамаглі, але гэтых людзей я не буду згадваць.

РР: Вы былі ў СІЗА некаторы час?

– З верасня па студзень.

РР: Якія ўражанні, якія ўспаміны?

– Я сядзеў з трыма палітвязнямі.

РР: Як вас прыняла Украіна?

– Мяжу Украіны я перасёк нелегальна, там сустракалі. Прынялі без праблем, завезлі ў Кіеў і ў Кіеве я ўжо быў да 2-га студзеня. Пасля з’ехаў у Львоў і Львове ўжо спрабаваў легалізавацца.

РР: Вы кажыце, што спрабавалі. Атрымалася?

Можна сказаць, што атрымалася. Я ўвайшоў у працэдуру, але пачалася вайна і працэдура была спынена. Я забраў дакументы, бо ў мяне быў выбар, заставацца ў працэдуры ці ваяваць.

РР: Чаму вы зрабілі такі выбар?

Працэдура далей бы не праходзіла, усё стаяла б на месцы. Узнікала пытанне, што рабіць, бо працаваць было нельга, бо я быў у працэдуры. Узнікала пытанне пра існаванне.

РР: У якім падраздзяленні вы былі? Дзе вы ваявалі?

– Першапачаткова, калі ўсё фармавалася, мы ехалі з першай групай беларусаў у „Азоў”. Пасля ў „Азове” з’явілася беларуская рота, цяперашні ПКК, а пасля я ўжо апынуўся ў „Тэроры”.

РР: Чым вы займаліся?

Першапачаткова, калі мы прыехалі туды, то ў нас былі трэніроўкі. Што ды як, размяркоўвалі па ўзводах. Тыя, хто быў больш падрыхтаваны, ужо выязджалі на баявыя заданні.

РР: Якія на той момант былі баявыя заданні? У якіх рэгіёнах?

Буча, Ірпень, Гастомель ды іншыя.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Як зазначае Максім, беларускія ваяры ва Украіне робяць вельмі важную справу, і вельмі часта — не публічна, бо час ад часу менавіта сакрэтнасць і не публічнасць спрыяе поспеху на полі бою.

Беларускае Радыё Рацыя